У Менскім раёне Серабранка затрымалі Валянціна Троцкага, давераную асобу кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, паведаміў Тэлеграм-канал «Страна для жизни».
У штабе Ціханоўскай паведамілі, што пакуль ня маюць пацьверджаньня гэтай інфармацыі, але «ня зьдзіўленыя», бо ў Троцкага заставаўся неадбыты адміністрацыйны прысуд, а астатніх актывістаў у такой сытуацыі раней затрымалі.
Раней 2 жніўня Сьвятлана Ціханоўская не прыехала на пікет у Бярозе Берасьцейскай вобласьці, паведаміўшы, што супраць яе рыхтавалі правакацыю. Людзі слухалі Ціханоўскую праз тэлефонную сувязь — тэлефон паднесьлі да мікрафона на пікеце.
«Я ведаю, што там сабралася вельмі шмат людзей, і вы чакаеце да апошняга. Але мая ахова кажа, што там стаяць аўтазакі і што я ўжо як кандыдат адтуль ня зьеду», — сказала кандыдатка.