Пасланьне Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу ня пераносілася і адбудзецца 4 жніўня, заявіла кіраўніца прэс-службы прэзыдэнта Натальля Эйсмант.
«Ніякіх пераносаў няма. Як і плянавалася, 3 жнiўня абедзьве палаты парлямэнту адкрыюць свае сэсіі. Дэпутаты і сэнатары вырашаць працэсуальныя пытаньні, разгледзяць бягучыя пытаньні парадку дня. Увогуле тое, што і першапачаткова меркавалася, наколькі мне вядома, абмеркаваць. А на наступны дзень, 4 жніўня, як і заплянавана, з пасланьнем да народу і Нацыянальнага сходу зьвернецца кіраўнік дзяржавы», — цытуе Эйсмант дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Раней тое ж БелТА паведамляла, што зварот будзе 3 жніўня. Такую ж дату даваў афіцыны сайт Pravo.by, прычым там паведамляецца, што сэсія склікаецца 3 жніўня, у адпаведнасьці з прэзыдэнцкім указам, менавіта для таго, каб заcлухаць пасланьне. А ў тэлепраграме зварот Лукашэнкі па-ранейшаму стаіць на 3 жніўня.
Кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская 28 ліпеня падала зварот з просьбай выступіць на паседжаньні пазачарговай сэсіі Нацыянальнага сходу Беларусі. Паводле артыкула 74 Выбарчага кодэксу, усе кандыдаты ў прэзыдэнты з моманту іх рэгістрацыі маюць роўнае права выступаць на перадвыбарных і іншых сходах, нарадах. У тым ліку па дзяржаўным тэлебачаньні.
«Ён таксама знаходзіцца ў статусе кандыдата, а згодна з артыкулам 73 усе кандыдаты ў прэзыдэнты валодаюць роўнымі правамі і нясуць роўныя абавязкі. Мы выказваем сваю думку, зь якой трэба лічыцца. Разам — пераможам», — гаворыцца ў паведамленьні.
Свой зварот Ціханоўская накіравала ў:
- Палату прадстаўнікоў;
- Савет Рэспублікі;
- Цэнтральную выбарчую камісію;
- Нацыянальную дзяржаўную тэлерадыёкампанію.
Датэрміновае галасаваньне пачнецца ў аўторак 4 жніўня. Асноўны дзень галасаваньня — 9 жніўня.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.