Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДАІ спыніла картэж зь бел-чырвона-белымі стужкамі ў Менску. Кіроўцу пагражае крымінальная справа


У Менску 1 жніўня супрацоўнікі ДАІ спынілі «вясельны картэж». Кожнаму з кіроўцаў выпісалі штрафы, у аднаго забралі машыну, бо нібыта той падрабіў VIN-код.

Як расказаў адзін з удзельнікаў картэжу Дзяніс Гуцін, усяго было чатыры машыны, а маладых у строях ажно дзьве. Вясельле было пастаноўкай — людзі ладзілі аўтапрабег салідарнасьці з палітзьняволенымі і хацелі выказаць сваю незадаволенасьць уладай і сытуацыяй у краіне.

Аўтамабілі ўпрыгожылі бел-чырвона-белымі стужкамі і кветкамі каля ЗАГСаў Менску, потым езьдзілі па горадзе і Менскай вобласьці некалькі гадзінаў. Удзельнікі аўтапрабегу заўважылі, што за імі сочаць супрацоўнікі ДАІ, на іхным шляху стаяла шмат экіпажаў або паставых. На думку Дзяніса, пра акцыю ведалі загадзя і адсочвалі ўдзельнікаў.

З словаў Дзяніса, калі аўтамабілі з праспэкту Незалежнасьці павярнулі на вуліцу Леніна, да іх пад’ехалі тры экіпажы ДАІ і спынілі. Ва ўсіх кіроўцаў правяралі дакумэнты, усім выпісалі штрафы: камусьці за налепку «Я/Мы 97» на шкле, камусьці за фіранкі, хаця ўласьнік меў дакумэнт, што фіранкі ўсталявалі на заводзе. Ва ўсіх правяралі VIN-коды.

Дзянісу сказалі, што яго спынілі праз налепку, якой нельга быць побач з нумарным знакам (артыкул 18.12 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях «Парушэньне эксплюатацыі транспартнага сродку»). На налепцы быў заклік прыходзіць на выбары толькі 9 жніўня, насіць белы бранзалет і сфатаграфаваць свой выбарчы бюлетэнь.

Падчас агляду машыны хлопца западозрылі ў тым, што ён падрабіў VIN-код на сваім аўтамабілі Lada Vesta 2018 году выпуску. Яго завезьлі ў Цэнтральнае РУУС і апыталі ў межах крымінальнай справы 381 «Падробка або зьнішчэньне ідэнтыфікацыйнага нумару транспартнага сродку». Санкцыі артыкулу прадугледжваюць да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Машыну забралі. Дзяніс віны не прызнае.

«У мяне машына ні разу ня бітая, ні разу лякафарбавае пакрыцьцё не зьмянялася. Я ня ведаю, якім зрокам трэба глядзець на гэта. Акурат учора машына памытая на аўтамыйні, там ні пылінкі, нічога няма», — кажа суразмоўца.

Ён таксама зьвярнуў увагу на тое, што ягоны аўтамабіль фатаграфавалі на несэртыфікаваны асабісты тэлефон, а ў пратаколе запісалі, нібыта здымалі на фотаапарат Canon.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG