Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы за ўпартасьць». Чэрачань заклікаў іншых палітыкаў падтрымаць ягоныя 7 прынцыпаў


Кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Сяргей Чэрачань, 21 траўня
Кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Сяргей Чэрачань, 21 траўня

Кандыдат у прэзыдэнты Беларусі, старшыня партыі «Грамада» Сяргей Чэрачань апублікаваў на сваім сайце і ў сацыяльных сетках «Адкрытую дэклярацыю», падтрымаць якую прапанаваў усім палітычным сілам, якія яе падзяляюць.

Чэрачань заяўляе, што беларусы сталі сьведкамі шматлікіх правакацыяў: «кампраматныя відэа, скрадзеныя і падкінутыя подпісы, галаслоўныя абвінавачаньні ў супрацы з КДБ і Крамлём». Ён мяркуе, што мэта гэтага — «перасварыць апанэнтаў улады адзін з адным, пасеяць у грамадзтве атмасфэру недаверу і варожасьці». Чэрачань дадае, што, «каму гэта выгадна, відавочна», але гэтага кагосьці не называе наўпрост.

Сем прынцыпаў, якія ён прапануе падтрымаць, такія:

  1. Мы за справядлівасьць. Міліцыя не павінна перашкаджаць мірным зборам грамадзянаў, суд павінен быць бесстароньнім, а палітвязьні павінны быць вызваленыя.
  2. Мы за салідарнасьць. Кожны павінен быць упэўнены, што яго і ягоных блізкіх падтрымаюць у цяжкую хвіліну. Мы падтрымліваем усіх пацярпелых падчас выбарчай кампаніі – няхай гэта будуць арышты, штрафы або звальненьні. Незалежна ад іх палітычных поглядаў, мы гатовыя дапамагаць кожнаму рэпрэсаванаму, які ў гэтым мае патрэбу.
  3. Мы за свабодныя выбары. Можна прызнаваць вынікі сумленнымі і справядлівымі толькі пры празрыстым падліку галасоў і допуску ўсіх прэтэндэнтаў.
  4. Мы за негвалтоўнасьць. Толькі мірныя і салідарныя дзеяньні могуць прывесьці Беларусь да лепшай будучыні.
  5. Мы за разнастайнасьць. У Беларусі жывуць розныя людзі, гатовыя да розных дзеяньняў і ступені ўдзелу ў палітыцы. Кансалідацыі грамадзтва вакол пераменаў спрыяюць розныя кандыдаты, з розным досьведам і рознымі праграмамі.
  6. Мы за ўдзел. Байкот, няўдзел у выбарах, канапавая крытыка і размовы на кухні ні да чога не прыводзяць. Мы заклікаем выбарнікаў прыйсьці на выбары 9 жніўня і прагаласаваць за любога з кандыдатаў, які падзяляе базавыя прынцыпы гэтай Адкрытай Дэклярацыі.
  7. Мы за ўпартасьць. Пры любым выніку выбараў жыцьцё працягнецца і пасьля 10 жніўня. Наперадзе ўсіх нас чакае шмат працы дзеля лепшай будучыні Беларусі, і важна быць гатовымі не да спрынту, але да маратону.

Раней штабы Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы, чыіх лідэраў не зарэгістравалі кандыдатамі ў прэзыдэнты, аб’ядналі сілы са штабам Сьвятланы Ціханоўскай, зарэгістраванай кандыдаткай. Яны ядналіся зь пяцьцю пунктамі-мэтамі: заклікаць галасаваць 9 жніўня, вызваліць палітвязьняў і «эканамічных зьняволеных», правесьці паўтоныя справядлівыя выбары пасьля 9 жніўня, інфармаваць выбарнікаў пра спосабы абараніць свой голас, заклікаць удзельнічаць у ініцыятывах за справядлівыя выбары.

Чэрачань не далучыўся да іхнай кампаніі і працягнуў уласную, але адмовіўся ад пікетаў, каб не перашкаджаць кампаніі Ціханоўскай і не «размываць галасы», і «засяродзіўся на бізнэс-супольнасьці і інтэлігенцыі».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG