Падзеі 10 жніўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
10 жніўня 1927 году ў Менску зьезд праваслаўных сьвятароў і вернікаў абвясьціў Беларускую аўтакефальную царкву. У 1930-я гады ў БССР усе біскупы і сьвятары, якія падтрымалі аўтакефалію, былі рэпрэсаваныя.
Таксама ў гэты дзень
1914 — у ходзе Першай сусьветнай вайны Аўстра-Вугоршчына абвясьціла вайну Расеі.
1919 — быў створаны Часовы беларускі нацыянальны камітэт: беларуская грамадзка-палітычная арганізацыя, каардынацыйны орган беларускага нацыянальнага руху ў час польска-савецкай вайны 1919-20 гадоў на тэрыторыі, падкантрольнай польскім вайсковым фармаваньням.
У гэты дзень нарадзіліся
1788 — у Вялікіх Грынявічах на Падляшшы нарадзіўся Ігнат Даніловіч, беларускі ўніяцкі і праваслаўны сьвятар, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту, правазнаўца і гісторык. Падрыхтаваў першае навуковае выданьне статуту Статуту ВКЛ 1529 году. Разам з прафэсарам Віленскага ўнівэрсытэту Міхалам Баброўскім у бібліятэцы Супрасьлеўскага манастыра адкрыў гэтак званы Літоўскі летапіс 1446 году.
1878 — Еўсьцігней Міровіч, беларускі драматург і тэатральны рэжысэр.
1878 — Альфрэд Дэблін, нямецкі пісьменьнік.
1929 — нарадзіўся Алесь Ставер, беларускі паэт, празаік, драматург, аўтар тэксту песьняў «Жураўлі на Палесьсе ляцяць», «Касіў Ясь канюшыну» і іншых.