Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Грубае парушэньне сувэрэнітэту Беларусі». Заява КХП-БНФ у сувязі з затрыманьнем 33 «вагнэраўцаў»


Кадар з рэпартажу дзяржаўнай тэлевізіі пра затрыманьне баевікоў ПВК «Вагнэр» пад Менскам 29 ліпеня
Кадар з рэпартажу дзяржаўнай тэлевізіі пра затрыманьне баевікоў ПВК «Вагнэр» пад Менскам 29 ліпеня

Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ выступіла з заявай у сувязі з затрыманьнем 29 ліпеня ў Беларусі 33 расейскіх баевікоў з ПВК «Вагнэр» і паведамленьнямі ўладаў, што праз адкрытую мяжу з Расеяй у краіну праніклі яшчэ 200 баевікоў.

«У сувязі з гэтым адзначаем, што Расея засьведчыла сябе як непрыяцельская дзяржава ў дачыненьні да Беларусі. Пранікненьне расейскіх баевікоў на тэрыторыю нашай краіны ёсьць грубым парушэньнем сувэрэнітэту Беларусі і вымагае неадкладнага рэагаваньня. Вынікам такіх варожых дзеяньняў з боку расейскай вайсковай групоўкі мусіць стаць тэрміновае закрыцьцё мяжы Беларусі з Расеяй з увядзеньнем шчыльнага памежнага і пашпартнага кантролю», — гаворыцца ў заяве.

Таксама КХП-БНФ адзначае, што Беларусь мусіла б выйсьці з Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы, «бо Расея як сябра гэтай арганізацыі груба парушае бясьпеку і сувэрэнітэт Беларусі».

Заяву падпісалі старшыня КХП-БНФ Зянон Пазьняк, выканаўца абавязкаў старшыні ў Беларусі Юры Беленькі і намесьнікі старшыні Сяргей Папкоў і Ўладзімер Раманцоў.

29 ліпеня дзяржаўныя СМІ паведамілі пра затрыманьне «33 баевікоў замежнай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр». Згодна з паведамленьнем, яны прыбылі ў Беларусь у ноч з 24 на 25 ліпеня «для дэстабілізацыі сытуацыі ў пэрыяд выбарчай кампаніі». Прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў усё гэта «надзвычайным здарэньнем», сабраў Савет бясьпекі, абвінаваціў Расею ў «брудных намерах».

Сакратар Савету бясьпекі Беларусі Андрэй Раўкоў 30 ліпеня паведаміў, што цяпер на тэрыторыі краіны працягваецца пошук яшчэ каля 200 баевікоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG