Адной з ключавых фігураў штабу кандыдаткі ў прэзыдэнты Ганны Канапацкай зьяўляецца Ігар Лялькоў з партыі БНФ. У інтэрвію Свабодзе ён пракамэнтаваў закіды ў несамастойнасьці штабу, памылкі падчас здачы подпісаў, працу ў штабе прарасейскага публіцыста і заявіў, што прыхільнікі Ціханоўскай спрабуюць зьняць Канапацкую з выбарчай кампаніі.
«Усе рашэньні Канапацкая прымае самастойна»
— Вашу кандыдатку абвінавачваюць, што яна вядзе несамастойную выбарчую кампанію. Адкуль гэта, на вашу думку, бярэцца?
— Як чалавек, які непасрэдна працуе ў штабе і камунікуе са спадарыняй Канапацкай, я не заўважыў, каб яна была кімсьці кіраваная. Усе свае рашэньні яна прымае самастойна, раіцца зь сябрамі штабу, натуральна, але апошняе слова за ёю. Што тычыцца тэкстаў, яна іх піша самастойна.
— Былы памочнік Ганны Дзяніс Ціханенка, які працаваў зь ёю тры гады, сказаў у інтэрвію Свабодзе, што яна моцна зьмянілася на пачатку году. Ён зазначыў, што нічога кепскага да гэтага сказаць пра яе ня мог, але дапусьціў, што паліттэхнолягі Ганны — гэта людзі ў пагонах.
— Гэта спадар, на якога Ганна падала заяву ў міліцыю за крадзеж і махлярства. Ягоная пазыцыя наконт Канапацкай, мякка кажучы, вельмі суб’ектыўная. Спадар Ціханенка скраў паролі і доступ да тэлеграм-каналу Канапацкай і за тое, каб вярнуць доступ, ён шантажаваў Ганну, патрабаваў грошай. Маральныя якасьці гэтага чалавека дастаткова цяжка ацэньваць. Думаю, што гэтая сытуацыя ўплывае на тыя ацэнкі, якія ён агучвае публічна пра Канапацкую.
— Ці праўда, што Ганньне Канапацкай адмовілі ў выдачы шэнгенскай візы?
— Гэта не адпавядае рэчаіснасьці на 100%. Кажу гэта катэгарычна.
— А як вы пракамэнтуеце інфармацыю, што Ганна не пражывала 10 гадоў у Беларусі, бо жыла ў Нямеччыне, маючы там ПМЖ, і таму ня мае права балятавацца ў прэзыдэнты?
— Гэта таксама не адпавядае рэчаіснасьці. Спадарыня Канапацкая заўсёды была рэзыдэнтам Рэспублікі Беларусі. Калі яе рэгістравалі кандыдаткай, то ўсё гэта правяралася. Ніякіх парушэньняў не знайшлі. Гэта домыслы спадара Ціханенкі.
«Паводле інфармацыі з ЦВК, на Канапацкую скардзяцца людзі з каманды Ціханоўскай»
— У аўторак на «Фэйсбуку» Ганна абвінаваціла Сьвятлану Ціханоўскую ў спробе зьняць яе з выбарчай гонкі рукамі ЦВК. Што маецца на ўвазе?
— У ЦВК паступілі дзясяткі скаргаў на Ганну Канапацкую з патрабаваньнем зьняць яе з выбарчай гонкі з надуманых прычын. Усе гэтыя скаргі напісаныя паводле аднаго шаблёну. Гэта той самы тэкст, але падпісаны рознымі людзьмі. Паводле інфармацыі з ЦВК, гэта людзі з каманды Сьвятланы Ціханоўскай. Па непацьверджанай інфармацыі, тэкст гэтай скаргі цэнтралізавана распаўсюджваўся штабам Сьвятланы Ціханоўскай сярод прыхільнікаў. На падставе гэтых скаргаў вядзецца праверка, і вынікам гэтай праверкі можа стаць зьняцьцё спадарыні Канапацкай з выбараў.
— А пра што гэтыя скаргі?
— Пра тое, што агучваў Ціханенка: пражываньне за мяжой.
— Ціханоўская вядзе вельмі актыўную кампанію. У Ганны ж няма ані пікетаў, ані сустрэч. Яна адмовілася ад дэбатаў. Нават паводле дасьледаваньня блізкага да ўладаў цэнтру Ecoom, ейны рэйтынг больш як у 4 разы ніжэйшы за падтрымку Ціханоўскай і складае 1,6%. У інтэрнэт-апытаньнях гэта розьніца ў дзясяткі разоў. Навошта Ціханоўскай здымаць Канапацкую?
— Добрае пытаньне. Калі Сьвятлана Ціханоўская лічыць сябе настолькі моцным кандыдатам, то навошта яе камандзе спрабаваць ставіць палкі ў колы чалавеку, у якога, як вы кажаце, рэйтынг даволі нізкі. Парадокс, дзіўна. Скаргі ёсьць, прозьвішчы скаржнікаў вядомыя, і гэта людзі, блізкія да каманды Ціханоўскай.
— А назавіце пару прозьвішчаў.
— Гэта інфармацыя ЦВК, я іх назваць не магу. Праводзіцца праверка, мы чакаем яе вынікаў.
«Ганна не дае асабістых ацэнак Лукашэнку, бо нічога новага сказаць немагчыма»
— Ганна Канапацкая падкрэсьлівае, што зьяўляецца адзіным кандыдатам, які выступае з нацыянальных пазыцыяў. Нават Зянон Пазьняк пахваліў яе інтэрвію «Дождю», назваўшы адзіным інтэрвію «сярод жвачнага гаварэньня кандыдатаў, напоўненым беларускім зьместам і пабудаваным на беларускіх палітычных інтарэсах» ...
— І гэта праўда...
— У той жа час Ганна ўвогуле не крытыкуе свайго галоўнага, як яна кажа, апанэнта, а канцэнтруецца на крытыцы Ціханоўскай або крытыцы Чэрачня ці Дзьмірыева, якіх ня лічыць сур’ёзнымі канкурэнтамі. Як вы гэта патлумачыце?
— У яе выступах на тэлевізіі крытыку Ціханоўскай, Дзьмітрыева або Чэрачня вельмі складана знайсьці.
— Але былі іншыя заявы, дзе яна выказвалася пра іх вельмі легкадумна і абразьліва.
— У «Фэйсбуку».
— Тым ня менш, гэта яе фэйсбук, а значыць, і яе заява.
— Калі задацца мэтай і знасьці выказваньні Ганны Канапацкай пра Лукашэнку, то ніводнага пазытыўнага выказваньня за апошнія некалькі гадоў вы ня знойдзеце. Ганна Канапацкая гаворыць пра дыктатуру, пра аўтарытарны рэжым у Беларусі, пра няздольнасьць улады вырашаць канкрэтныя праблемы грамадзянаў. Нічога новага пра Лукашэнку няма сказаць. Пра яго ўсё даўным-даўно сказана і зразумела. Ёсьць агульная пазыцыя, што Лукашэнка і ягоны рэжым павінны сысьці, і пра гэта Ганна Канапацкая гаворыць увесь час, калі вы можаце заўважыць. Што тычыцца асабістых ацэнак Лукашэнкі, то нічога новага сказаць немагчыма.
«У Канапацкай адбудзецца сустрэча з працоўнымі, але не скажу, дзе, каб не сурочыць»
— Як сёньня выглядае кампанія Ганны Канапацкай? Чым яна займаецца цягам дня?
— СМІ вельмі актыўна бяруць у яе інтэрвію. Магчыма, ня ўсё з гэтага друкуецца; магчыма, нешта будзе друкавацца пазьней. У чацьвер ранкам яна была ў ЦВК, потым дала два інтэрвію і рыхтаецца да сёньняшняй паездкі ў рэгіёны.
— Але ж яна адмовілася ад пікетаў?
— Гаворка не пра пікеты. Стрыжнем нашай кампаніі маюць быць сустрэчы на прадпрыемствах, з працоўнымі калектывамі. Мы разаслалі больш за 50 заявак на ўсе буйнейшыя прадпрыемствы краіны. Ясна, што са значнай часткі мы атрымліваем адмоўныя адказы пад абсалютна надуманымі тлумачэньнямі, але ёсьць некалькі прадпрыемстваў, якія гатовы сустрэцца і арганізаваць сустрэчу калектыву з Канапацкай. Адна з такіх сустрэч заплянаваная на сёньня. Але, папярэджваючы вашае пытаньне, я пакуль не магу сказаць, дзе і з кім гэта будзе, каб не сурочыць. Такія сустрэчы — гэта такая рэч, якая можа сарвацца ў самы апошні момант. І нам бы гэтага вельмі не хацелася.
— Што вы маеце на ўвазе? Сустрэчы розных кандыдатаў адбываюцца, гэта ж дазволена заканадаўствам.
— Вы гаворыце пра масавыя мерапрыемствы, мы кажам аб працоўных калектывах. Калі кіраўніцтва прадпрыемства дае згоду, то да таго моманту, пакуль сустрэча не адбылася, можна чакаць нейкіх нечаканасьцяў, ціску з боку ўлады, таму не хацелася б агучваць месца. Але такія сустрэчы будуць, і не адна, у розных рэгіёнах Беларусі.
— Адной з давераных асобаў штабу стаў Павал Патапейка, зьвязаны з прарасейскімі сайтамі. Як магчыма, што чалавек з такімі поглядамі працуе побач з вамі, сябрам БНФ, і Ганнай, якая выступае з нацыянальнай праграмай?
— Павал Патапейка — спэцыяліст у галіне міжнародных адносінаў. Больш кампэтэнтнага спэцыяліста ў гэтай галіне мы знайсьці не змаглі. А нам патрэбен быў акурат адмысловец у міжнародных стасунках, які глыбока ўсё разумее. А Павал Патапейка менавіта такі чалавек. Нейкіх прарасейскіх поглядаў на сустрэчы нашага штабу ён не выказваў, і нас цікавіць ягоная думка як міжнародніка.
— Значыць, ягоная праца публіцыста для «Спутника», «Імхолабу» не замінае рэпутацыі Канапацкай?
— Гэта складанае пытаньне, але мы выкарыстоўваем ягоныя думкі ў выключна вузкай сфэры.
«У другім туры павінна быць Ганна»
— Ці праводзіў ваш штаб замеры падтрымкі Ганны? У апытаньні Ecoom, як я ўжо казаў, яна мела 1,6%. У галасаваньні на сайце primaries.by, у якім узялі ўдзел сотні тысяч, у яе 0,1%.
— Гэтыя вынікі не адпавядаюць рэчаіснасьці. Ніхто, у тым ліку і спадар Лукашэнка, ня мае сёньня падтрымкі 50%. У Лукашэнкі ў раёне 27-30%, адпаведна, рэйтынг іншых кандыдатаў — гэта тыя 70%, якія засталіся. Яны дзеляцца на іншых, улічваючы магчымасьць голасу «супраць усіх». Паводле нашых замераў, працэнты Ціханоўскай і Канапацкай цалкам супастаўныя з працэнтамі Аляксандра Лукашэнкі. Пры сумленных выбарах быў бы другі тур, у якім, па нашых адчуваньнях, павінна была б удзельнічаць Ганна Канапацкая. У яе больш за 20%.
— Падчас заканчэньня збору подпісаў Ганна ня раз памылялася зь лічбамі сабраных подпісаў. Асабліва дзіўны канфуз выйшаў з рабочымі БелАЗу. Ганна сказала, што там сабралі 8000 тысяч, а ўсяго ў Жодзіне сабралі 80. Як гэта магчыма?
— Гэта была кепская арганізацыйная праца штабу. Ганна ня мела поўнай інфармацыі. Адзіную інфармацыю, якую яна мела, гэта сьпісы, якія яна здавала сама. Яна здавала ў Менску, дзе нават не пералічвалі сабраных подпісаў, лічылі толькі падпісныя лісты. Там плюс-мінус лічбы супадаюць. Што тычыцца іншых рэгіёнаў, там была супярэчлівая інфармацыя, нам было цяжка апэратыўна ўсё зводзіць. Жодзіна — гэта абсалютная памылка спадарыні Ганны. А па іншых рэгіёнах подпісы не паўсюль давезьлі, нягледзячы на тое, што яны былі рэальна сабраныя. Пэўная блытаніна — гэта памылка ня Ганны, а штабу.
— А ці падавала Ганна скаргі ў міліцыю ў сувязі з пагрозамі дзецям?
— Мне пра гэта невядома. Я ведаю пра заяву на спадара Ціханенку. Гэтай скарзе ўжо некалькі месяцаў.
— Ігар, а хто аўтар праграмы Ганны Капацкай?
— Штаб, але ў першую чаргу я сам, Міхаіл Чыгір, і сама Ганна. Пра тое, што Чыгір будзе кіраўніком штабу, я ведаў ужо ў красавіку. Менавіта Чыгір быў тым чалавекам, які ўцягнуў Канапацкую ў парлямэнцкую кампанію ў 2016 годзе.
— Ціханоўская праводзіць масавыя акцыі, адбыўся і канцэрт. Ці плянуе нешта такое прыкметнае Ганна?
— Так. Будзе абавязкова. Мы пра гэта паведамім.
— Ці дапускае Ганна зьмены думкі наконт зьняцьця кандыдатуры ў падтрымку іншых?
— Не. Гэта ўжо немагчыма.