У выбарчыя фонды кандыдатаў у прэзыдэнты па стане на 29 ліпеня паступіла 534 294 рублі 15 капеек, паводле зьвестак Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў. За апошні тыдзень у фонды пералічана 235 353 рублі 86 капеек.
- Больш за ўсё сродкаў паступіла ў фонд Сьвятланы Ціханоўскай — 268 648,28 рубля, у тым ліку за апошні тыдзень — 216 870,83 рубля. 24 ліпеня яе штаб абвясьціў аб спыненьні збору сродкаў у сувязі з набліжэньнем да дазволенага парога (9 тысяч базавых велічынь, або 243 000 рублёў).
- На выбарчую кампанію Аляксандра Лукашэнкі пералічана 254 584,87 рубля (+16 590,03 за апошні тыдзень).
- Андрэя Дзьмітрыева — 4 254 (+1 692).
- Ганны Канапацкай — 4 207 (201).
- Сяргея Чэрачня — 2 600 (0).
Кандыдаты выдаткавалі агулам 145 516 рублёў 28 капеек, ці 27,2% сродкаў, якія паступілі на іхныя рахункі.
- Больш за іншых патраціла Ціханоўская — 77 942,54 рубля (53,6% выдаткаў усіх кандыдатаў і 29% яе фонду).
- Выдаткі Лукашэнкі склалі 57 161,52 рубля (39,3% выдаткаў кандыдатаў і 22,5% яго фонду).
- Канапацкай — 4 163,18 рубля (2,9% расходаў кандыдатаў і 99% яе фонду).
- Дзьмітрыева — 3 747,46 рубля (2,6% расходаў кандыдатаў і 88,1% яго фонду).
- Чэрачня — 2 501,58 (1,7% расходаў кандыдатаў і 96,2% яго фонду).
Выбарчы фонд фармуецца з уласных сродкаў кандыдата, а таксама добраахвотных ахвяраваньняў юрыдычных і фізычных асоб. Для юрыдычных асобаў максымальны памер узносаў складае 50 базавых велічынь, для грамадзянаў — 20.
Спэцыяльны рахунак для фармаваньня выбарчага фонду кандыдат адкрывае ў «Беларусбанку». Яго сродкі могуць быць выкарыстаныя толькі для аплаты расходаў, зьвязаных з выбарамі, у тым ліку для аплаты працы чальцоў ініцыятыўных груп і перадвыбарчай агітацыі.
Сярод прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта найбольшую суму ў выбарчым фондзе меў Віктар Бабарыка — 155 083 рублі. 17 чэрвеня, за дзень да затрыманьня экс-банкіра, стала вядома, што ягоны рахунак заблякаваны.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.