Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экзыт-полы на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі дазволілі рабіць праўладнай моладзевай арганізацыі, але не БРСМ


Чальцы БРСМ, ілюстрацыйнае фота
Чальцы БРСМ, ілюстрацыйнае фота

Праводзіць апытаньне выбарнікаў на выхадах з участкаў, так званы экзыт-пол (exit poll) на выбарах прэзыдэнта Беларусі ў 2020 годзе дазволілі «Беларускаму камітэту моладзевых арганізацыяў», піша БелТА.

Гэтае аб’яднаньне ня мае свайго вэб-сайту і старонак у сацыяльных сетках, зьяўляецца ў навінах зусім нячаста. Паведамленьні пра БКМА часьцей за ўсё суседнічаюць з навінамі пра БРСМ і дзейнасьць уладаў. Узначальвае арганізацыю Павал Алекса, былы першы сакратар Магілёўскага абласнога камітэту БРСМ.

Сёлета паведамлялася толькі, што БКМА правяла дабрачынны інклюзіўны праект «Радасьць у падарунак», праводзіць сацыяльныя дасьледаваньні «Рэгіянальныя асаблівасьці электаральных чаканьняў беларусаў» і «Моладзевы брэнд». Год таму БКМА разам з БРСМ падпісалі пагадненьні аб супрацы з расейскімі моладзевымі арганізацыямі на форуме «Моладзь — за саюзную дзяржаву». Міністар адукацыі ўскладаў на БКМА «вялікія надзеі» ў справе «аб’яднаньня моладзі краіны, яе актыўнага ўцягненьня ў грамадзка-палітычныя працэсы».

БКМА ўжо праводзіла экзыт-полы на мінулых і пазамінулых прэзыдэнцкіх выбарах. У 2010 годзе арганізацыя заявіла, што за Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 81,42% апытаных (ЦВК тады налічыла 79,65% галасоў за Лукашэнку), у 2015-м — 82,9% (ЦВК налічыла 83,49%).

Ці будзе дазволена яшчэ некаму праводзіць экзыт-полы, пакуль не паведамляецца. Звычайна на выбарах у Беларусі не дазваляюць праводзіць экзыт-полы непраўладным установам і заходнім кампаніям.

Раней інтэрнэт-рэсурсы праводзілі свае апытаньні аб рэйтынгу прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду. У іх Аляксандар Лукашэнка набіраў 3–6%, але пазьней такія апытаньні СМІ рабіць забаранілі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG