Кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская выключыла гарадзенца Мікалая Саляніка са сьпісу сваіх давераных асобаў, бо той захапляўся са сцэны асобай Гітлера.
«Мікалай Васільевіч Салянік знаходзіўся ў экстрэмальных псыхалягічных умовах у апошнія тыдні, ня справіўся з эмоцыямі і выказаў недапушчальнае параўнаньне», — сказала Ціханоўская ў сваёй заяве, разьмешчанай у Telegram-канале «Страна для жизни».
Яна папрасіла прабачэньня ва ўсіх, каго зачапілі словы яе даверанай асобы. На яе думку, такое недапушчальна. Ціханоўская паведаміла, што яе каманда ўнесла зьмены ў сьпіс давераных асобаў, каб падобнае не паўтаралася надалей.
Мікалай Салянік падчас пікету ў горадзенскім Румлёўскім парку 26 ліпеня са сцэны прывёў як узор кіраўніцтва краінай Гітлера. Да таго ж ён ускосна параўнаў Ціханоўскую зь лідэрам нацысцкай партыі.
Пры гэтых словах людзі пачалі абурацца, крычаць. Многія тады сышлі зь мітынгу ў знак пратэсту.
Салянік — інвалід 2-й групы. Ён вядомы сваімі пэрформансамі: ладзіў акцыі ў турэмнай робе, заклейваў сабе рот скотчам падчас судовага паседжаньня, прыкоўваў сябе кайданкамі да балясаў у судзе, рабіў пахаваньне Канстытуцыі Беларусі.
Калі затрымалі Сяргея Ціханоўскага і паплечнікаў, Салянік павёў каля ста чалавек пад будынак Упраўленьня ўнутраных спраў, каб даведацца пра далейшы лёс затрыманых.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.