Абвінавачаны Станіслаў Паўлінковіч віну прызнае, але адзначае, што «абразьліва выказаўся не пра саму судзьдзю, а пра ўсю праваахоўную сыстэму».
Супраць актывіста з Магілёва Станіслава Паўлінковіча завялі крымінальную справу за абразу судзьдзі. Пра гэта актывісту 27 ліпеня паведамілі на першым допыце ў Міжраённым аддзеле Сьледчага камітэту. Яго вінавацяць у парушэньні 391 артыкула Крымінальнага кодэксу. Магчымае пакараньне па гэтым артыкуле — штраф, папраўчыя працы ці абмежаваньне волі да 3 гадоў.
Як вынікае з пастановы, Паўлінковіч 21 траўня падчас разгляду адміністрацыйнай справы ў судзе Ленінскага раёну Магілёва пры сьведках абразьліва выказаўся пра судзьдзю Аксану Ратнікаву, тым самым зьняважыў яе гонар і годнасьць. Справу завялі 22 ліпеня, правялі шэраг экспэртызаў. 29 ліпеня актывіста павязуць на судова-псыхіятрычную экспэртызу.
Паўлінковіч кажа, што віну прызнае, але адзначае, што «абразьліва выказаўся не пра саму судзьдзю (перад якой гатовы выбачыцца), а пра ўсю праваахоўную сыстэму».
Актывіст настойвае, што не стрымаў эмоцыяў, бо за апошні час яго рэгулярна затрымліваюць за ўдзел у акцыях пратэсту і караюць штрафамі і адміністрацыйным арыштам.
21 траўня Станіслава Паўлінковіча на суд прывезьлі з ізалятара, дзе ён адбываў 15-суткавае пакараньне за «кармленьне галубоў». Падчас затрыманьня ён не падпарадкаваўся патрабаваньням міліцыянтаў, якія прыехалі яго забіраць з працы, і абразіў іх. Гэта стала нагодай для чарговай адміністрацыйнай справы. Пачуўшы вырак — 15 сутак арышту і 1215 рублёў штрафу — актывіст не стрымаў эмоцыяў.
У чэрвені Станіслаў Паўлінковіч апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook зварот з просьбай дапамагчы яму сплаціць штрафы. На той момант іх сума складала 3000 рублёў. За месяц яму назьбіралі 1200.
У 2017 годзе супраць яго заводзілі крымінальную справу за нібыта распаўсюд відэароліка парнаграфічнага зьместу. Яе спынілі праз «адсутнасьць доказаў, якія сьведчаць аб датычнасьці Паўлінковіча да зьдзейсьненага злачынства».