Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прывід Майдану: адны намякаюць, другія палохаюць


Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні 15 ліпеня ў Менску
Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні 15 ліпеня ў Менску

У беларускім грамадзка-палітычным жыцьці складваецца дзіўная сытуацыя. Усе чакаюць Майдану. Мне тэлефануюць зь беларускіх і замежных мэдыя і пытаюцца, ці будзе рэвалюцыя. Нібы палітоляг, як астроляг, можа прадказваць будучыя падзеі. Гэтая ж тэма бурна абмяркоўваецца ў сацыяльных сетках.

Адметна, што штабы альтэрнатыўных кандыдатаў пра Плошчу нічога выразна ня кажуць. Толькі цьмяна намякаюць на неабходнасьць абараняць свой выбар. Магчыма, што і канкрэтных плянаў на гэты конт там няма. Парадокс у тым, што адзіныя, хто ўвесь час гаворыць пра Майдан — гэта прадстаўнікі ўлады.

Аляксандар Лукашэнка гаворыць пра Майдан, «майданутых», пра вулічныя пратэсты амаль у кожным выступе. Нават называе іх арганізатарамі незалежныя мэдыя.

Зразумела, ён гаворыць пра тое, што баліць, што яго турбуе, ад чаго страціў спакой. Прычым кіраўнік дзяржавы ня ўпэўнены ў здольнасьці структур МУС справіцца з абураным народам, таму заклікае на дапамогу войска. За апошні час ён двойчы наведаў вайсковыя часткі, дзе недвухсэнсоўна выказваўся пра ролю арміі ў задушэньні пратэсту.

Пра тое ж самае гаворыць дзяржсакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў. Актыўна пачалі пужаць Майданам дзяржаўныя СМІ. Вось кіраўнік афіцыйнага Саюзу журналістаў Андрэй Крывашэеў выказаў упэўненасьць, што «масавы выхад на вуліцы будзе».

Такім чынам, прывід Майдану вісіць у паветры, і яго выклікае сама ўлада. І чым больш яна імкнецца пазбавіцца ад гэтай назойлівай ідэі, чым мацней імкнецца запужаць народ, тым больш маральна рыхтуе грамадзтва да непазьбежнасьці вулічнага пратэсту. Калі духаў выклікаюць, то яны абавязкова зьяўляюцца. Пра гэта вам скажа любы сьпірытоляг.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG