Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Клюб рэдактараў» паказвае пальцам на тых, хто небясьпечны для ўлады


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Чарговы «Клюб рэдактараў» быў, як звычайна, прысьвечаны выкрываньню незалежных мэдыя і альтэрнатыўных кандыдатаў.

Паводле афіцыёзных прапагандыстаў, журналісты свабодных СМІ, якія перадаюць напал перадвыбарнай барацьбы, займаюцца «дэстабілізацыяй» сытуацыі ў краіне, сталі на «антыдзяржаўныя рэйкі», займаюцца «падрыўной дзейнасьцю». У чым жа гэта выяўляецца?

З доўгіх развагаў удзельнікаў клюбу нарэшце высьвятляецца, у чым палягае ўвесь грэх як альтэрнатыўных кандыдатаў, так і незалежных мэдыя. Аказваецца, яны выступаюць за зьмену ўлады. То бок рэдактары ўпэўненыя, што сэнс выбараў — зусім ня ў зьмене ўлады. А ўсе, хто хоча зьмены з дапамогай выбараў, якраз і займаюцца дэстабілізацыяй і антыдзяржаўнай дзейнасьцю.

Знамянальным было прызнаньне, што гэтыя выбары выявілі глыбокі ўнутраны канфлікт у Беларусі. Пра гэта казаў дэкан філязофскага факультэту БДУ Вадзім Гігін. То бок гэта ня вонкавыя сілы, пра якія ўвесь час кажа Лукашэнка, уносяць раздрай, а адбыўся раскол унутры краіны.

Другая важная выснова, якую былі вымушаныя зрабіць рэдактары, палягае ў тым, што менавіта незалежныя мэдыя дамінуюць у інфармацыйнай прасторы Беларусі, яны вызначаюць палітычны парадак дня. А дзяржаўныя СМІ ім яўна прайграюць. Праціўнікі ўлады захапілі інтэрнэт, яны «цкуюць» прыхільнікаў Лукашэнкі, «замбуюць» людзей. І нават выйграюць барацьбу за лідэраў думак.

Вялікі кавалак перадачы быў прысьвечаны выкрываньню Сьвятланы Ціханоўскай. Нарэшце ўлады ўбачылі ў ёй сур’ёзнага канкурэнта Лукашэнку і пачалі яе мэтадычна «мачыць». І нічога лепшага не прыдумалі, як проста зьняважаць. «Девушка по случаю», «подставное лицо» — такімі словамі закляймілі гэтую жанчыну.

Рэдактары назвалі абяцаньне Сьвятланы правесьці новыя прэзыдэнцкія выбары падманам, пужалі злачынцамі і наркаманамі, якіх Ціханоўская абяцае выпусьціць з турмы. Маўляў, усё, што яна гаварыла ў сваім тэлевыступе, — няпраўда. Але калі Сьвятлана падстаўная фігура — то чаму ёй такая ўвага?

Так што перадача «Клюб рэдактараў» знамянальная тым, што выяўляе хваравітыя для ўлады пункты, небясьпекі і комплексы, якіх звонку можна і не заўважыць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG