Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьвюх жыхарак Менску аштрафавалі за паездку на ровары


Суд Цэнтральнага раёну Менску, архіўнае фота
Суд Цэнтральнага раёну Менску, архіўнае фота

Алесю Жыгадлу і Паліну Чарняўскую аштрафавалі адпаведна на 540 і 675 рублёў за «ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве», пастанавілі 24 ліпеня судзьдзі Цэнтральнага раёну Менску, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Алена Жыгадла 8 ліпеня езьдзіла на ровары разам з дачкой і іншымі людзьмі па роварнай дарожцы Менску: кажа, «мірна сабраліся паезьдзіць на роварах, каб убачыць адно аднаго».

16 ліпеня яна даведалася, што ў дачыненьні да яе вядзецца адміністрацыйны працэс. Акрамя таго, у той жа дзень ёй патэлефанавалі з інспэкцыі ў справах непаўналетніх і паведамілі, што на яе непаўналетнюю дачку таксама завялі адміністрацыйную справу. Ды справу на дачку ўсё ж спынілі, бо ня мае 16 гадоў.

Справу разглядаў судзьдзя Іван Касьцян. На паседжаньні супраць яе празь відэасувязь выступілі міліцыянт Яўген Нікіценка і камандзір падразьдзяленьня АМАП Юры Сьцяпанаў. Паводле Жыгадлы, сьведка прамаўляў так, што «было зразумела, што ён чытаў тэкст». Сьведка сьцьвярджаў, што жанчына была ў майцы з надпісам «Я/мы 97%», але на фота, далучаных да справы, відаць, што яна была ў куртцы. Не супала і апісаньне сьведкам ровара жанчыны.

Паліну Чарняўскую асудзілі за катаньне на ровары ў той жа дзень, 8 ліпеня. Яна сьцьвярджае, што каталася па роварнай дарожцы і ўздоўж праспэкту, не парушала правілаў дарожнага руху, «не было ніякіх лёзунгаў і маек».

Яе справу разглядала судзьдзя Юлія Густыр, сьведчылі тыя ж міліцыянты Нікіценка і Сьцяпанаў, хоць справы Густыр і Жыгадлы пачалі разглядаць адначасова, у 9.15. Адзін са сьведкаў «пазнаў» Густыр па чорнай майцы, хоць у той дзень яна была ў клятчастай кашулі. Чарняўская мае намер абскардзіць вырак.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG