Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цэнавыя ўмовы канчаткова ўзгодненыя». «Газпром» адказаў на запыт Міністэрства энэргетыкі Беларусі


«Газпром» ня будзе мяняць цану паставак газу ў Беларусь на 2020 год, паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на расейскую кампанію.

«Цэнавыя ўмовы пастаўкі газу да канца бягучага году былі канчаткова ўзгодненыя 14 лютага», — паведаміла ўпраўленьне інфармацыі «Газпрома» ў адказ на ліст міністра энэргетыкі Беларусі.

«На падставе поўнага выкананьня беларускім бокам ужо дасягнутых дамоўленасьцяў у 2020 годзе „Газпром“ пацьвярджае гатоўнасьць пачаць перамовы датычна паставак газу ад 1 студзеня 2021-га», — паведамляе расейская кампанія.

У канцы траўня «Газпром» паведаміў, што беларускі бок назапасіў доўг за пастаўкі газу ў памеры 165 млн даляраў. Як толькі будзе ўрэгуляваная запазычанасьць, расейскі бок прызначыць перамовы што да ўмоваў паставак на наступны год.

Менск неаднаразова ініцыяваў зьніжэньне цаны на газ, якая ўпала на спотавых рынках у Эўропе да гістарычнага мінімуму. Аляксандар Лукашэнка перакананы, што справядлівы кошт для Беларусі павінен быць удвая меншы.

У канцы мінулага тыдня Міністэрства энэргетыкі накіравала ліст на адрас старшыні праўленьня «Газпрома» Аляксея Мілера з прапановай абмеркаваць мэтодыку цэнаўтварэньня. З адказу вынікае, што ў Маскве ня бачаць падставаў, каб вярнуцца да тэмы.

Беларусь штогод імпартуе з Расеі каля 20 млрд кубамэтраў газу. Гадавы кантракт на пастаўку газу па 127 даляраў за тысячу кубамэтраў быў заключаны ў лютым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG