Палата прадстаўнікоў ухваліла законапраект аб выдаленьні з будынка Капітолія ўсіх помнікаў людзям, якія служылі Канфэдэрацыйным Штатам Амэрыкі падчас Грамадзянскай вайны.
Законапраект быў ухвалены 305 галасамі «за» пры 113 «супраць». Ініцыятыву падтрымалі ўсе дэмакраты і 72 рэспубліканцы, а таксама адзін незалежны кангрэсмэн, Джастын Амаш зь Мічыгану.
Лідэр дэмакратычнай большасьці Стэні Гоер, які ўнёс законапраект, заявіў на прэсавай канфэрэнцыі, што выдаленьне статуй стане праявай «прынцыповасьці і перакананасьці».
«Абаронцам і ідэолягам бунту, рабства, сэгрэгацыі і перавагі белай расы няма месца ў гэтым храме свабоды», — заявіў ён.
Дэмакратка Карэн Бас, старшыня Аб’яднаньня чарнаскурых заканадаўцаў Кангрэсу, заявіла, што выдаленьне статуй будзе данінай памяці нябожчыку кангрэсмэну Джону Люісу, нароўні з ухваленьнем законапраекту аб выбарчых правах.
«Тое, за што ён змагаўся кожны дзень, — гэта прамая супрацьлегласьць гэтым сымбалям, — сказала яна. — Я, як чарнаскурая заканадаўца, лічу, што прысутнасьць гэтых статуй азначае прыняцьце ідэі белай перавагі і расізму».
Законапраект патрабуе ад штатаў выдаліць і замяніць статуі, устаноўленыя ў гонар чальцоў Канфэдэрацыі з Нацыянальнай скульптурнай залі ў Капітоліі.
Ён забараняе ўключаць у калекцыю залі помнікі «людзям, якія служылі ў якасьці афіцэраў або добраахвотнікаў Канфэдэрацыйным Штатам Амэрыкі, узброеным сілам або ўраду штату, калі гэты штат паўставаў супраць Злучаных Штатаў».
Кожны штат накіраваў у Нацыянальную скульптурную залю статуі двух гістарычных асоб. Законапраект асабліва адзначае неабходнасьць выдаленьня статуй Джона Кэлхуна, Чарльза Эйкака і Джона Кларка. У дакумэнце гаворыцца, што яны адыгралі важную ролю ў абароне рабства і сэгрэгацыі.
Законапраект заклікае да выдаленьня бюсту былога старшыні Вярхоўнага суду ЗША Роджэра Тэйні, які стаў аўтарам сумнавядомага рашэньня ў справе Дрэда Скота ў 1857 годзе, паводле якога рабы не зьяўляліся грамадзянамі і ня мелі права зьвяртацца ў суд.
Бюст Тэйні, які знаходзіцца ў старой палаце Вярхоўнага суду ў Капітоліі, прапануецца замяніць бюстам Тэргуда Маршала — першага афраамэрыканскага судзьдзі Вярхоўнага суду.
Законапраект будзе накіраваны ў падкантрольны рэспубліканцам Сэнат, дзе некаторыя рэспубліканцы выказвалі сумневы ў неабходнасьці выдаленьня статуй.
«Мне здаецца, што гэта ўжо залішне — уся гэтая лухта, што нам трэба адрэтушаваць Капітолій і выкрасьліць усе фігуры мінулых гадоў, якія нейкім чынам зьвязаныя з рабствам», — заяўляў у чэрвені лідэр рэспубліканскай большасьці ў Сэнаце Мітч Макконэл.