Валер Цапкала неўзабаве зьявіцца на публіцы. Пра гэта паведаміў Свабодзе кіраўнік штабу былога прэтэндэнта ў кандыдаты на прэзыдэнта Аляксей Урбан.
«Рыхтуецца яго сумесны відэазум (відэаканфэрэнцыя ў праграме Zoom. — РС) зь Веранікай. І літаральна ў найбліжэйшыя дні ён зьявіцца на публіцы. Ён не зьяжджаў зь Беларусі. Інфармацыяй пра ягоны ад’езд я не валодаю, толькі што мы зь ім гутарылі», — сказаў Свабодзе Аляксей Урбан.
Паводле Урбана, цяпер у кампаніі Цапкалы будзе рабіцца акцэнт на аб’яднаньні, на Сьвятлане Ціханоўскай:
«Ён застаецца актыўным палітыкам, вядзе пэўную працу, і калі ёсьць цікавасьць да яго пэрсоны, то ён будзе зьяўляцца і на сустрэчах з выбарнікамі, і на пікетах».
Дзяржаўныя тэлеканалы ўчора паведамілі, што Валер Цапкала не зьявіўся ў Вярхоўны суд на разгляд скаргі аб нерэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты. Тэлеканал АНТ спасылаецца на тэлеграм-каналы, якія сьцьвярджаюць, што палітык ужо цягам трох тыдняў знаходзіцца па-за межамі Беларусі.
«І калі гэта так, то хто тады паставіў подпіс пад яго зваротам у Вярхоўны суд, пададзеным 16 ліпеня?», — пытаецца АНТ.
Валер Цапкала ад пачатку ня бачыў сэнсу прысутнічаць на разглядзе сваёй скаргі на нерэгістрацыю кандыдатам у Вярхоўным судзе, бо разумеў, што рашэньне будзе не на яго карысьць. Але подпіс пад скаргай ягоны, «падробліваньнем дакумэнтаў ніхто не займаецца», — сказаў Свабодзе Аляксей Урбан.
Тэлеканал АНТ мяркуе, што Валер Цапкала знаходзіцца на самаізаляцыі праз каранавірус — як кантакт першага ўзроўню. АНТ, маўляў, рабіла запыт мэдыкам, але не змагло атрымаць станоўчы адказ.
«Яны няўважліва чытаюць «Эўрарадыё». Ён не зьвяртаўся да мэдыкаў, ён выявіў у сябе сымптомы і вырашыў, як рэкамэндуе САЗ, абмежаваць зносіны цягам двух тыдняў. Гэта ён і зрабіў. Сымптомы былі несур’ёзныя, і ён ня стаў лішні раз выклікаць лекара, рабіць тэст, бо вельмі многа працы. Але разам з тым ён не хацеў быць крыніцай (заражэньня. — РС) для іншых».
Валер Цапкала абмежаваў асабістыя кантакты, але ягоныя падазрэньні на каранавірус не пацьвердзіліся. Цяпер палітык «вяртаецца ў актыўнае поле».
«А наагул нам вельмі прыемна, што АНТ турбуецца пра яго лёс, яго расшуквае, яны вельмі хочуць вярнуць яго на сустрэчы да людзей. Мы з задавальненьнем запросім яго на сустрэчы зь людзьмі, — сказаў Аляксей Урбан. — Цікава, што яны спасылаюцца на тэлеграм-каналы. Можа б у АНТ ці БТ хапіла мужнасьці запрасіць Валера Цапкалу да сябе ў эфір, ён бы не адмовіўся».
Валер Цапкала плянуе бліжэйшым часам працаваць «у полі, зь людзьмі». Аляксей Урбан не выключае, што палітык будзе зьяўляцца і ў штабе Сьвятланы Ціханоўскай. Калі будзе неабходна, ён можа стаць і яе даверанай асобай.
«Але ён сам па сабе зьяўляецца важкай фігурай на палітычным полі і ў выбарчай кампаніі. Я думаю, што неўзабаве ён раскажа пра свае пляны. У сацыяльных сетках узьніклі меркаваньні пра рознагалосьсі ў яго штабе і зь Веранікай Цапкалай. Гэта ўсё ня так, яны дзейнічаюць узгоднена. Дзеяньні аб’яднанага штабу і яго цяперашніх кіраўнікоў падтрымліваюцца і каардынуюцца ў тым ліку Валерам Цапкалам».
Таксама ўчора ні Валер Цапкала, ні яго прадстаўнікі не зьявіліся ў суд на разгляд пазову турэцкага бізнэсоўца аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі. Валер Цапкала накіраваў хадайніцтва, каб папярэдняе слуханьне перанесьлі.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.