Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп зьмяніў рыторыку ўпершыню за апошнія паўгода і ў аўторак заклікаў амэрыканцаў насіць маскі, каб справіцца з распаўсюдам каранавірусу, прызнаўшы, што сытуацыя з пандэміяй можа яшчэ пагоршыцца перад паляпшэньнем, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Трампа даўно крытыкуюць за пераменшваньне ўзьдзеяньня каранавірусу і ігнараваньне патрабаваньня насіць маску.
У аўторак, 21 ліпеня на брыфінгу ў Белым доме прэзыдэнт заявіў:
«Мы просім усіх, хто ня ў стане сацыяльна дыстанцыявацца, надзяваць маску... Падабаюцца вам маскі або не, яны … маюць эфэкт, і нам трэба ўсё, што мы можам атрымаць... Я з задавальненьнем імі скарыстаюся... Усё, што патэнцыйна можа дапамагчы... гэта добра».
Трамп, пасьля некалькіх месяцаў нежаданьня насіць маску на публіцы, у панядзелак апублікаваў фота ў масцы ў сваім Twitter і сказаў, што плянуе аднавіць правядзеньне рэгулярных брыфінгаў аб пандэміі. На першым такім брыфінгу ў аўторак ён заклікаў амэрыканцаў насіць маскі, калі яны ня могуць заставацца ў баку ад сацыяльных зносінаў.
Рашэньне аб аднаўленьні брыфінгаў было прынята пасьля ўзьнікненьня напружанасьці паміж кіраўніком апарату Трампа Маркам Мэдаўзам і іншымі супрацоўнікамі Белага дома, асабліва камандай віцэ-прэзыдэнта Майка Пэнса, у пытаньні правільнай стратэгіі зносін з краінай на тэму пандэміі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.