Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улады не зьвяртаюць увагі», — галадоўка «Маці 328» працягваецца


Галадоўка «Маці-328» ў вёсцы Высокае. Чэрвень 2019 году
Галадоўка «Маці-328» ў вёсцы Высокае. Чэрвень 2019 году

У вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну працягваюць галадоўку пратэсту актывісткі руху «Маці-328».

Галадоўніцы дамагаюцца сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Яны патрабуюць размовы аб праблемах адаптацыі маладых людзей, што былі асуджаныя за распаўсюд наркотыкаў і выйшлі на волю, а таксама перагляду некаторых справаў асуджаных па артыкуле 328.

Галадоўка пачалася 16 ліпеня і абвешчаная як бестэрміновая, — сказала Свабодзе актывістка руху «Маці 328» Алена Кузьміна.

«На шосты дзень галадоўкі нас ужо пяцёра, сёньня да нас далучылася Людміла Кулініч, якая брала ўдзел у ранейшых галадоўках нашых актывістак, яна чалавек дасьведчаны. Магчыма, далучацца яшчэ людзі, але прысьпешваць нікога ня будзем», — сказала Алена Кузьміна.

Акрамя Алена Кузьміной і Людмілы Кулініч, у галадоўцы бяруць удзел таксама Ала Берналь, Ларыса Жыгар і Ірына Агароднік.

«Адчуваем сябе нармальна. Губляем кіляграмы, але не губляем баявы настрой. Пакуль лекары з раённай бальніцы, як у ранейшыя галадоўкі, да нас не прыяжджалі, і мясцовага начальства не было — відаць, загаду не атрымалі, а самім нецікава», — мяркуе Алена Кузьміна.

Паводле актывістак «Маці 328», яны чакаюць кандыдатку на прэзыдэнта Сьвятлану Ціханоўскую, якая выпраўляецца зь перадвыбарчай паездкай па краіне.

«Абмяркуем тое, што мы плянавалі абмеркаваць з Лукашэнкам. Што садзяць наркаманаў, але чамусьці наркотыкаў усё болей, што выходзяць хлопцы на волю па амністыі, але нікуды на працу іх не бяруць. Як даведаюцца, што сядзелі па наркатычным артыкуле, дык усё, ідзіце адсюль. А куды ім ісьці? Зноў наркотыкамі гандляваць? Тут трэба, каб усё грамадзтва падумала, што рабіць: улады, праваахоўнікі, псыхолягі, бізнэс. Але пакуль нічога не мяняецца. Будзем пра гэта гаварыць», — кажа Алена Кузьміна.

Паводле Алены Кузьміной, да галадоўніц у вёску Востраў, каб аказаць маральную падтрымку, штодзень прыяжджаюць актывісты з розных рэгіёнаў краіны.

Што варта ведаць пра ініцыятыву «Маці 328»

  • Абʼядноўвае 1,5 тысячы бацькоў дзяцей, асуджаных за наркотыкі.
  • Грамадзкую арганізацыю «Маці-328» не дазваляюць зарэгістраваць.
  • Напісалі звыш 3 тысяч зваротаў у Палату прадстаўнікоў, дамагліся сустрэчы з колішняй кіраўніцай Адміністрацыі прэзыдэнта Натальляй Качанавай, міністрам унутраных справаў Юрыем Караевым.
  • Зьвярнулі ўвагу, што пішуць у абвінавачваньні іхных дзяцей: «у нявызначаны час, у нявызначаным месцы, нявызначанай асобай; мяркуецца, з мэтай збыту».
  • Ладзілі масавыя галадоўкі дзеля зьменаў.
  • Ажыцьцявілі паломніцкі тур па калёніях з іконай Маці Божай, якую ім падаравалі на гары Афон, ад Менску да Марʼінай Горкі.

Чаго дамагліся «Маці 328»

  • Сёлета ў Беларусі на два гады зьменшылі ніжэйшы парог тэрміну, на які можна пасадзіць за наркотыкі (раней — 8 гадоў, цяпер — 6).
  • Дзякуючы гэтаму ўжо асуджаным, якія абскарджваюць свае выракі, скарачаюць тэрміны.
  • У калёніях асуджаным паводле 328-га артыкулу замянілі зялёныя нашыўкі на робе зь імем і нумарам атраду на звычайныя белыя, як ва ўсіх. Зялёныя нашыўкі зьявіліся ў 2015 годзе, імі адзначалі «наркаманаў». Бацькі іх параўноўвалі з «зоркамі Давіда», якія мусілі насіць габрэі падчас апошняй вайны.
  • Рух «Маці 328» працягне працу, хоць многіх асуджаных ужо вызвалілі.
Актывісткі і прыхільнікі руху «Маці 328» на мітынгу ў Менску, траевнь 2019
Актывісткі і прыхільнікі руху «Маці 328» на мітынгу ў Менску, траевнь 2019

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG