У Віцебску, нягледзячы на каранавірус, 29-ы раз адгрымеў «Славянскі базар». На фэст прыяжджае шмат беларускіх і замежных майстроў, для якіх гэта прывабная пляцоўка для гандлю.
Сёлета рамесьнікаў на вуліцах гораду было ў некалькі разоў менш.
Мы пацікавіліся, як ім удаецца выжываць ва ўмовах пандэміі каранавірусу, калі Беларусь засталася без турыстаў.
«Паездка на фэстываль можа акупіць некалькі месяцаў працы»
Алена зь Менску варыць натуральнае мыла. Мылаварэньне для яе — асноўны занятак. Сытуацыя з каранавірусам моцна адбілася на заробку дзяўчыны. Яна прызнаецца, што пляны на працу з новымі матэрыяламі адклала на год.
Кірмашы — асноўныя пляцоўкі, дзе Алена прадае мыла. Сёлета іх было няшмат. Таму магчымасьцю прыехаць на «Славянскі базар» дзяўчына ахвотна скарысталася.
«Гандляваць на кірмашах ня так бясьпечна, як раней. Але мы прывыкаем працаваць у новых рэаліях», — кажа яна.
За два дні Алена прадала большую частку таго, што прывезла.
«Я не чакала такога попыту, — прызнаецца яна. — Слаба падрыхтавалася».
Алена ўдзельнічала ў «Славянскім базары» пяты раз. Падрыхтоўку да фэстывалю яна пачынае за некалькі месяцаў. Звычайна прывозіць каля 40 кіляграмаў мыла — прыблізна 400 кавалкаў.
«Часам працую па 10-12 гадзін на суткі. Паездка на фэстываль можа акупіць некалькі месяцаў працы», — кажа Алена.
Алена адзначае, што сёлета на фэстывалі рамесьнікаў было ў 4-5 разоў менш, чым у звычайныя гады, калі магчымасьць гандлю не абмяжоўвалася некалькімі днямі і адсутнасьцю турыстаў. Удзел у кірмашы платны.
«Калі разьбіць кошт удзелу на некалькі дзён, атрымліваецца нядорага. Але я ўпэўненая, што многія спрацуюць у нуль альбо ў мінус. Дзён і людзей сёлета значна менш».
«Людзі ўвесь час падыходзяць»
Натальля кажа, што букеты зь ляванды разыходзіліся імкліва. Сёлета яна зь сяброўкай Ганнай удзельнічала ў «Славянскім базары» ўпершыню.
Натальля і Ганна жывуць у Віцебску. Для іх вырошчваньне ляванды — нядаўняе хобі, якое можа стаць асноўнай працай.
«Мы ўзялі кавалак зямлі і пачалі распрацоўваць поле ляванды. Ужо значную частку кустоў высадзілі», — дзеліцца плянамі Натальля.
Ганна прызнаецца, што да сёлетняга фэстывалю не пасьпелі падрыхтавацца як сьлед. Нават не падлічылі, колькі букетаў аформілі. Попыт на ляванду ўраджаю гэтага году аказаўся вялікім.
«Людзі ўвесь час падыходзілі, куплялі. Гэта нешта новае для фэстывалю — тут у нас канкурэнтаў пакуль няма», — кажа Ганна.
«Ляванда вельмі ратуе ў цяперашнім напружаным становішчы. Яе водар супакойвае, — абгрунтоўвае ўдзел у кірмашы ў новых рэаліях Натальля. — Ад дэпрэсіі мы дакладна пазбаўленыя — не застаецца часу думаць і баяцца».
«Фэстываляў іншых няма»
Майстар па дрэве Алег зь Менску працягвае рамяство свайго бацькі. Ён робіць посуд, мэблю і прадметы інтэр’еру з розных парод драўніны, а таксама з капу — прыродных нарастаў на дрэве.
Апошні раз Алег быў на «Славянскім базары» чатыры гады таму. Сёлета вызвалілася месца на адной з вуліц пешаходнага цэнтру і майстар вырашыў паўдзельнічаць.
«І фэстываляў іншых няма. Звычайна ў гэтым месяцы я езьдзіў на бард-рыбалку пад Магілёвам. Праз пандэмію яе адмянілі. Выбару не было, давялося на „Славянскі базар“ ехаць», — кажа рамесьнік.
Алег кажа, што гандляваць у Віцебску складана. Майстар тлумачыць гэта вялікай канкурэнцыяй. Ён аддае перавагу сьвятам зь меншай колькасьцю майстроў і большай канцэнтрацыяй творчай публікі.
Алег быў у Віцебску тры дні. Кажа, што рэчы прадаваліся вельмі слаба.
Віцяблянка Марыя — навуковая супрацоўніца музэю. У вольны ад працы час яна вяжа цацкі з натуральных матэрыялаў — воўны, бавоўны, бамбуку, поўсьці ламы.
Свой занятак Марыя называе найперш хобі.
«Я вяжу, каб зьняць напружаньне, прыемна прабавіць вечар, заняць дзяцей. А калі цацак зьбіраецца зашмат, прадаю».
Марыя ўдзельнічае ў гарадзкіх кірмашах у творчых прасторах. Ужо некалькі гадоў яна ўдзельніца «Славянскага базару».
«Калі лічыць, што я працую ў культуры, для мяне гэта прыемная магчымасьць падзарабіць. Бо заробкі нашыя невялікія, — камэнтуе яна. — Летась было добра. Сёлета, на жаль, турыстаў няма. Гараджане ўзрадаваліся сьвяту. Нешта купляюць. Але часьцей не гатовыя аддаць грошы за цацкі ручной работы».
«Людзі больш сталі цікавіцца беларускай сымболікай і арнамэнтамі»
Уладзімер і Аляксандра жывуць у Бешанковічах, але часта гандлююць уласнымі вырабамі зь беларускай сымболікай у Віцебску. Гарадзкія ўлады вызначылі для рамесьнікаў пешаходную вуліцу Суворава ў гістарычным цэнтры.
«Рамесьнікам цяпер няпроста, — разважае Уладзімер. — Калі да пандэміі мы кожны тыдзень выяжджалі ў розныя гарады на падзеі і радзей бывалі ў Віцебску, то цяпер часьцей стаім у горадзе. Вядома, заробкі ня тыя, што падчас „Славянскага базару“. Але кожныя 20-30 рублёў за дзень вартыя таго, каб выходзіць».
Уладзімер адзначае, што людзей на фэстывалі сёлета было меней. Практычна няма іншаземцаў, якім цікавыя беларускія рэчы. Беларусі купляюць для сябе, нярэдка — для дзяцей, якія цяпер жывуць за мяжой.
«Людзі больш сталі цікавіцца беларускай сымболікай і арнамэнтамі, — кажа Уладзімер. Зьвяртаюць увагу на валошкі, гістарычную Пагоню. З большай пяшчотай ставяцца да беларускай мовы, на якой мы заахвочваем кліентаў».
«Людзі знудзіліся па кірмашах»
Сужэнцы Іван і Ірына з Гомля больш за 25 гадоў займаюцца пляценьнем з лазы. Іван пляце мэблю, Ірына — кошыкі, скрыні і дробныя дэкаратыўныя рэчы. У каталозе сямейнай пары больш за сто арыгінальных вырабаў. Лазу рамесьнікі вырошчваюць і нарыхтоўваюць самі.
Для гомельскіх майстроў лозапляценьне — асноўны занятак.
«Звычайна мы некалькі тыдняў ці месяц працуем у майстэрні, а пасьля выяжджаем на фэстывалі ці кірмашы. У нас заўсёды быў вельмі насычаны графік», — тлумачыць Іван.
Сёлета пара працавала ў майстэрні неадлучна з сакавіка — праз пандэмію каранавірусу.
«Я ведаю, што многія рамесьнікі скардзяцца, — кажа Ірына. — Але для нас гэты час прайшоў надзвычай плённа. Мы распрацавалі шмат цікавых рэчаў. Нашыя імёны ведаюць. Было вельмі шмат замоў».
Ірына кажа, што «Славянскі базар» заўсёды быў добрай пляцоўкай для гандлю з актыўнай публікай. Але сёлета сужэнцы вагаліся, ці ехаць, да апошняга моманту.
«Баімся захварэць, — тлумачыць Ірына. — Мы ж столькі часу ізаляваліся. Але вельмі хацелася выехаць на кірмаш».
Для пары гэта быў восьмы па ліку «Славянскі базар» і першы пасьля самаізаляцыі. Ірына адзначае, што не чакала такога попыту на гэтым фэстывалі. Яна думае, што людзі таксама знудзіліся па кірмашах, па фэстывальным руху.
«Асноўны наш продаж — у першыя дні, — кажа Іван. — У Віцебску ведаюць, што мы ня шмат буйных рэчаў прывозім. Мэблю за гэтыя два дні амаль усю прадалі».
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.