Шчучынскі раённы выканаўчы камітэт Горадзенскай вобласьці ўхваліў рашэньне № 637 «Аб стварэньні і ўстаноўцы помніка Шарлю дэ Голю».
На сайце выканкаму ўдакладняецца, што рашэньне падрыхтаванае на падставе палажэньня Савету міністраў аб парадку стварэньня твораў манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва дзеля разьвіцьця Шчучына як аднаго з турыстычных цэнтраў краіны, прыцягненьня турыстаў, папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны.
Помнік зьбіраюцца паставіць у рамках праекту ўшанаваньня памяці францускага палітыка Шарля дэ Голя (1890–1970) да 130-годзьдзя з дня яго нараджэньня.
29 ліпеня заплянаваная сумесная прэс-канфэрэнцыя амбасадара Францыі ў Беларусі Дзідзье Канэса і намесьніцы старшыні Шчучынскага райвыканкаму Алены Пасюты, на якой будуць названыя ўмовы конкурсу на праект помніку Шарлю дэ Голю ў Шчучыне.
Менавіта ў Шчучыне падчас Першай усясьветнай вайны зь ліпеня па верасень 1916 году ў нямецкім лягеры для ваеннапалонных разам зь іншымі францускімі афіцэрамі знаходзіўся капітан Шарль дэ Голь — будучы генэрал і прэзыдэнт Францыі.
Тэрыторыя, дзе ў Вялікую вайну германцы ўтрымлівалі інтэрнацыянальных ваеннапалонных, за прамінулы час непазнавальна зьмянілася. Цяпер тут цэх аўтатрактарных камплектаў шчучынскага заводу «Аўтапровад».
Да падзеяў стогадовай даўнасьці адсылаюць хіба аўтэнтычныя калёны і стэнд з гістарычнымі фатаздымкамі Шчучына пачатку XX стагодзьдзя. Сярод іх — і копіі архіўных выяваў, на якіх пазнаецца твар Шарля дэ Голя.