Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура: ЦВК слушна адмовілася ад асабістага прыёму скаргаў, бо каранавірус


На сайце Генэральнай пракуратуры Беларусі 20 ліпеня зьявіўся адказ на «шматлікія» скаргі грамадзян на абгрунтаванасьць дзеяньняў Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Пасьля ўтварэньня вялікай чаргі 15 ліпеня ЦВК вырашыла прымаць скаргі толькі праз пошту. Выключэньне зрабілі кандыдатам у прэзыдэнты і іхным давераным асобам.

Генпракуратура тлумачыць: закон дае права на зварот у розных формах, вызначаны сярод іншага парадак падачы зваротаў у электроннай форме і праз пошту. Асабістая падача зваротаў «не зьяўляецца адзінай або прыярытэтнай» формай.

«У разгляданым кантэксьце вызначэньне Цэнтральнай камісіяй парадку прыёму пісьмовых зваротаў, абумоўленага неабходнасьцю выкананьня санітарных нормаў і выкананьня супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, колькасьцю кадравага складу Цэнтральнай камісіі, не абмяжоўвае правоў грамадзянаў, а толькі вызначае аптымальны мэханізм узаемадзеяньня ў існых умовах», — запэўнівае Генэральная пракуратура.

У пракуратуры мяркуюць, што заяўнікі маюць намер абскарджваць адмову ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. У сувязі з гэтым Генпракуратура «падказвае»: такія скаргі могуць падаваць толькі асабіста тыя, каму адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатамі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG