Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына ў размове з «Эўрарадыё» 17 ліпеня пракамэнтавала ўчорашняе выказваньне Аляксандра Лукашэнкі аб абмежаваньні права быць кандыдатам у прэзыдэнты.
«Які ён галоўнакамандуючы, калі ня ведае, што такое войска, — разважаў Аляксандар Лукашэнка. — Будзе рот раскрыўшы хадзіць, ты яму локшыны на вушы навешаеш, скажаш СВД, а ён падумае, што танк. Не служыў у войску, значыць, цябе там быць не павінна.
Калі жанчына будзе прэтэндаваць, мы загадзя яе адправім у віцебскую брыгаду, каб яна была падрыхтаваная і магла адрозьніць БТР ад танка, БМП і гэтак далей».
Лідзія Ярмошына не ўхваліла такой ідэі.
«Я думаю, што тады трэба і жанчын у войска прызываць, як у Ізраілі, больш ніяк, — сказала яна «Эўрарадыё». — Я думаю, што гэта не адпавядае міжнародным стандартам і натуральна, што гэта норма, якая абмяжуе ўдзел у выбарах значнай колькасьці грамадзянаў. Можна быць мужчынам і ў войску не служыць — з самых розных прычынаў: і рэлігійных, і па стане здароўя».
Ёй таксама не спадабалася прапанова з сацсетак — каб жанчынам дазвалялі балятавацца толькі пасьля нараджэньня дзяцей.
Упершыню жанчына-кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі балятавалася ў 2015 годзе — гэта была Тацяна Караткевіч з руху «Гавары праўду» (цяпер ад руху балятуецца Андрэй Дзьмітрыеў). Сёлета ў бюлетэнях мае быць дзьве жанчыны-кандыдаткі: былая дэпутатка Ганна Канапацкая і жонка палітвязьня Сяргея Ціханоўскага Сьвятлана Ціханоўская. Вакол другой аб’ядналіся штабы Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы, якім адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатамі.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.