Дэпутат праскай раённай рады расказаў Радыё Свабода пра свае беларускія карані, паходнае юнацтва бацькоў, уражаньні ад Менску і вёсак Беларусі, а таксама пра тое, як працуе мясцовае самакіраваньне ў Чэхіі.
У гэтым месяцы ў Празе адбыліся слуханьні па палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Мадэратарам на іх быў Вацлаў Віславус — дэпутат мясцовай рады раёну Прага 9 у чэскай сталіцы. Яго абралі ад Пірацкай партыі, якая і арганізавала слуханьні. Гэтая партыя пачынала з пытаньняў аўтарскіх правоў і абароны вольнага Інтэрнэту, але цяпер пашырыла свой парадак дня на абарону грамадзянскіх правоў увогуле і выступае за дэцэнтралізацыю ў дзяржаве. У парлямэнце Чэхіі Пірацкая партыя мае трэцюю па колькасьці дэпутатаў фракцыю.
Віславус вывучаў эканоміку ў Празе і Парыжы, цяпер працуе мэнэджэрам праектаў у фірме па вытворчасьці мэблі. Маці Вацлава чэшка, а бацька — беларус. Сам ён нарадзіўся і нейкі час жыў у Менску, але пасьля другой клясы пераехаў з маці і сястрой у Чэхію.
Як сустрэліся бацькі
— Мая мама ў юнацтве пачувалася крыху пад ціскам з боку маёй бабулі — тая, напрыклад, не пускала яе гуляць зь сяброўкамі ў пятніцу ўвечары. Яны жылі ў Знойме, невялікім горадзе ў паўднёвай Маравіі, але яна баялася, што нават калі паступіць у Брно ці Прагу, бабуля будзе прыяжджаць на выходныя, каб яе пракантраляваць.
Яна хацела зьехаць як мага далей, і якраз была магчымасьць паехаць вучыць філязофію ў Менску. Гэта была сярэдзіна 80-х. Афіцыйна гэта было празь філязофскі факультэт у Празе, але там яна толькі афармляла дакумэнты, а ўся вучоба адбывалася ў Беларусі.
Тата быў кіраўніком альпіністаў у тагачасным Радыётэхнічным інстытуце — яны ладзілі альпінісцкія паходы па ўсім Савецкім Саюзе. Мама таксама пачала хадзіць у паходы. Наколькі я разумею, гэта было не зусім легальна, бо яна як чэшка не магла свабодна езьдзіць па СССР. Яна мне расказвала пра паход у Грузіі — мама ня мела дазволу, а ў аўтобусе на месца каля іх сеў афіцэр міліцыі. Усе напружыліся, але ён амаль адразу дастаў бутэльку, і ўсе пачалі піць.
Як пераехаў у Чэхію
— Гэта было, здаецца, у 1995 годзе. Бацькі вырашылі, што эканамічныя пэрспэктывы ў Чэхіі для нас будуць значна лепшыя. Мы з мамай і сястрой пераехалі ў Знойма. Бацька застаўся ў Беларусі, бо меў там працу, але рэгулярна да нас прыяжджаў — фактычна кожны месяц. Празь некаторы час яны з мамай разышліся, але гэта ўжо прыватныя рэчы. У іх дагэтуль добрыя адносіны.
Я ніколі ня меў беларускага пашпарта — гэта было рашэньне маіх бацькоў. Калі я нарадзіўся, яны мусілі вырашыць, якое грамадзянства для мяне выбраць, бо тады немагчыма было зрабіць падвойнае.
Сам я ежджу ў Беларусь раз ці два на год — апошні раз я там быў на пачатку году, яшчэ перад эпідэміяй каранавірусу. Мае бабуля зь дзядулем па бацькавай лініі жылі ў Белаазёрску, але, на жаль, іх ужо няма.
Пустыя хаты і табу на палітычныя размовы
— Магчыма, гэта мае суб’ектыўныя ўражаньні, але раней у беларускіх малых мястэчках і вёсках было нашмат больш жыцьця. Цяпер там практычна не засталося маладых людзей — толькі пэнсіянэры — і мноства пустых хатаў, якія ўжо нікога не цікавяць. У крамах таксама практычна нічога няма.
Я так разумею, што ўсе, хто можа, пераяжджаюць у вялікія гарады. Гэта праблема і для Чэхіі, але ў Беларусі яна нашмат больш кідаецца ў вочы.
Калі мы абмяркоўваем зь беларусамі эканоміку, дык скардзімся на адно і тое ж — бюракратыю, некампэтэнтных чыноўнікаў. Але пры гэтым магчымасьці для прадпрымальніцтва ў дзьвюх краінах непараўнальныя. У Чэхіі гэта нашмат прасьцей.
— Калі шчыра, палітычныя размовы ў Беларусі дагэтуль троху застаюцца табу. Людзі баяцца. Часам яны жартуюць на палітычныя тэмы, і напружанасьць крыху зьмяншаецца, але застаецца. Людзі хочуць, каб шмат што памянялася да лепшага. Ня толькі ў эканоміцы. Ім хочацца бяз страху размаўляць на любыя тэмы, ня маючы потым нейкіх праблемаў на працы ці вучобе.
Менск: забруджаны, дарагі, месцамі вельмі жывы
— Летась у траўні, калі мы былі ў Беларусі з маёй сяброўкай, мы выпадкова зайшлі ў «Пясочніцу» ў Менску. Гэтая пляцоўка з фудтракамі мяне ўразіла — там сапраўды віравала жыцьцё. Нешта падобнае таксама ёсьць каля заводу «Крышталь». Нават у Празе такога крыху не хапае. Беларусы сапраўды хочуць атрымліваць радасьць ад жыцьця і паказваюць гэта. Я вельмі рады, што такія рэчы магчымыя.
Не падабаецца мне ў Менску яго забруджанасьць. Ён чысты ў тым сэнсе, што на вуліцах ня знойдзеце недакурак. Паўсюль будзе ці жанчына зь мятлой, ці нейкія сучасныя машыны для прыбіраньня. Але іншая рэч — паветра. Калі я туды прыяжджаю, дык мяне ўражвае смог з аўтамабіляў, курэньне паўсюль, у тым ліку ў аўтамабілях. Калі параўнаць з Прагай, дык гэта сапраўды бʼе ў нос, асабліва зімой. Адразу заўважна, як уплывае на паветра ацяпленьне і выраб электрычнасьці з вугальных крыніц, меншыя абмежаваньні на выхлапы з аўтамабіляў.
— Я разумею, што людзей найбольш хвалююць заробкі, пэнсіі. Калі казаць пра заробкі, дык тут паказальная сытуацыя з рэстаранамі ў Менску. Там добрая якасьць ежы, але немагчыма ўявіць, што чалавек са звычайным заробкам можа сабе дазволіць туды прыйсьці часьцей, чым раз на квартал. Можа, я перабольшваю, але цэны там, здаецца, вышэйшыя, чым у Празе. Можа, таму рэстаранаў у Менску адносна мала.
Шкада, што ў Менску зусім мала «народных» месцаў з танным півам і ежай, куды людзі могуць зьбірацца, каб пагутарыць, паспрачацца. Мы, чэхі, якраз вядомыя гэтым — сабрацца на піва і крытыкаваць усё і ўсіх. Казаць, што ўсе палітыкі кепскія — акрамя нас, вядома ж (сьмяецца).
Так, зьнізу расьце грамадзянская супольнасьць. Праблема з герархічнымі сыстэмамі ў тым, што людзі зьверху ніколі ня будуць здольныя пабачыць усе праблемы ўнізе. Гэта тое, што мне падабаецца ў Пірацкай партыі — я ня мушу ведаць, як вырашаць нейкія праблемы, бо ёсьць шмат іншых людзей, якія гэтым займаюцца. У мяне ёсьць свая сфэра, якой я займаюся, і пры гэтым я цалкам давяраю сваім калегам.
Як стаў «піратам»
— Чэская палітыка мяне цікавіла ўжо даўно, я сачыў за палітычнымі дыскусіямі. Але толькі Пірацкая партыя зрабіла на мяне сапраўднае ўражаньне, і я далучыўся да яе незадоўга да мясцовых выбараў у 2018 годзе.
На жаль, апошнім часам мы часта бачым — напрыклад, у Польшчы, але і ў Чэхіі таксама — жорсткі падзел на два лягеры. Калі ты зь іншага лягера, дык ты дурны і нічога не разумееш, — і гэта яшчэ не найгоршыя выразы.
Такая палярызацыя грамадзтва кепская, бо розныя яго часткі не размаўляюць міжсобку. Таму няма ўзаемаразуменьня, адбываецца ўзаемная дэманізацыя. Я асабіста, і мы, «піраты», гэты падзел прынцыпова адкідаем. Бо кожны чалавек мае сваю асабістую гісторыю, свае праблемы, і калі мы такіх праблем ня маем, дык гэта ня значыць, што мы будзем на іх заплюшчваць вочы.
— Хоць нашыя дэпутаты парлямэнту не ва ўладнай кааліцыі, яны сапраўды вельмі шмат працуюць і сваёй працай могуць уплываць і на заканадаўства, і ў нейкай ступені на замежную палітыку. Пры гэтым я думаю, што тут больш эфэктыўная праца нашых эўрадэпутатаў. Я падтрымліваю кантакт з двума зь іх — зь Мікулашам Пэксам і Маркетай Грэгаравай, і яны кансультаваліся са мной пасьля дэбатаў аб сытуацыі ў Беларусі.
Пра мясцовае самакіраваньне ў Чэхіі
— У раённай радзе Прагі-9 нас, «піратаў» — шэсьць дэпутатаў з 33. Кіруе кааліцыя з [правацэнтрысцкіх партыяў. — РС] — Грамадзянскай дэмакратычнай партыі (ODS), TOP 09 і Незалежных старастаў. Але хоць мы і ў апазыцыі, мне падаецца, мы здолелі пасьля першапачатковых непаразуменьняў наладзіць супрацоўніцтва і нават у нечым памяняць курс, якім рада вядзе раён. Цяпер рада бярэ нашыя ідэі і падае іх як свае, і гэта добра.
Я дам адзін прыклад. У папярэднія выбарчыя тэрміны раёнам кіравала ODS, у якой быў такі падыход: трэба пазбавіцца муніцыпальнай маёмасьці, раёну ня трэба мець участкі зямлі, кватэры і гэтак далей. Але цяпер гэта мяняецца, бо прыйшло разуменьне, што нам трэба муніцыпальнае жытло для настаўнікаў, паліцыянтаў, мэдыкаў — людзей, якім не хапае заробку, каб мець якаснае жытло ў нашым раёне. І раён можа здаваць гэтыя кватэры такім людзям за льготную арэндную плату.
Па-другое, у нашым раёне цяпер адбываецца вялікая трансфармацыя — на месцы былых заводаў будуюць новыя жылыя кварталы. І высьвятляецца, што калі прадаць усе ўчасткі зямлі, дык раённая адміністрацыя ня будзе мець уплыву на тое, што там зьявіцца.
Мы здолелі дамагчыся, каб былі комплексныя пляны разьвіцьця частак раёну, а ня так, каб кожны забудоўнік вырашаў гэта паасобку. Бо людзям трэба ня толькі кватэры, але крамы, цырульні, мэдычныя ўстановы, парк. А гэта не заўсёды прыбытковыя рэчы.
— Магістрат Прагі можа сам вырашаць значную частку гарадзкіх пытаньняў. Частку паўнамоцтваў ён дэлегуе раённым радам. Напрыклад, дзіцячыя садкі і пачатковая школа — гэта адказнасьць раёнаў, але сярэднімі школамі і гімназіямі ўжо займаюцца гарадзкія ўлады. Участкамі зямлі заўсёды валодае магістрат, але ён можа перадаць іх у кіраваньне раёну.
Раён мае цяпер на рахунках прыблізна паўтара мільярда крон (каля 64 мільёнаў даляраў) ад прыватызацыі, але гэтыя грошы патроху губляюць пакупніцкую здольнасьць, бо банкаўскі працэнт прыбытку ад іх ніжэйшы за інфляцыю. Нашмат лепшая інвэстыцыя — купіць участкі зямлі ў розных месцах раёну, дзе можна будзе будаваць школы і дзіцячыя садкі. Тады будзе куды пайсьці дзецям, калі зьявяцца новыя жылыя кварталы.
Нават цяпер гэта ўжо вялікая праблема. Я штодня размаўляю з жыхарамі раёну, якія скардзяцца, што ў першай клясе ў іх дзіцяці будзе 30 вучняў і што не хапае настаўнікаў ангельскай мовы, каб падзяліць клясу на групы. І я рады, што мы здольныя ўплываць на большасьць у радзе, каб разам шукаць рашэньні для гэтых праблем.