Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспарт цукру ў Расею ўпаў, а імпарт вырас. Паўгода «цукровай справе». Што зьмянілася за гэты час?


У «цукровай справе» зьявіўся чарговы затрыманы — намесьнік гендырэктара Скідзельскага цукровага камбінату Сяргей Кулікоўскі, паведамляе Tut.by. Ёй самой ужо паўгода. Глядзім, што стала з цукровай галіной пасьля гучных арыштаў.

У канцы студзеня ў Беларусі пачаліся затрыманьні па «цукровай справе». Былі затрыманыя:

  • дырэктар Гарадзейскага цукровага камбінату Міхаіл Крыштаповіч,
  • дырэктар Слуцкага цукроварафінаднага камбінату Мікалай Пруднік,
  • дырэктар Жабінкаўскага цукровага заводу Віктар Міронаў,
  • дырэктар Скідзельскага цукровага заводу Дзьмітры Ягораў,
  • былы намесьнік кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Уладзімер Ціхіня,
  • дырэктар Беларускай цукровай кампаніі Дзьмітры Кірылаў,
  • заснавальнік расейскай кампаніі «Полимер» Сяргей Кананенка.

Затрымалі кіраўнікоў усіх буйных цукровых заводаў Беларусі.

КДБ завёў крымінальныя справы паводле ч. 3 арт. 430 «Атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры» ў дачыненьні да адказных асобаў і паводле ч. 2 арт. 431 «Даваньне хабару ў буйным памеры» — да бізнэсоўцаў.

Санкцыі артыкулаў прадугледжваюць пакараньне да 15 гадоў. Узімку па БТ паказалі расьсьледаваньне, у якім паведамілі, што:

  • Дробны расейскі бізнэсовец даваў хабар усім чатыром дырэктарам цукровых заводаў.
  • Дырэктары адкрылі ў Беларусі фірму «Еўратарэкс», каб рабіць упакоўку для цукру.
  • Фірма набывала дарагую сыравіну ў расейскай фірмы «Полимер».
  • Абедзьве фірмы «не сьвяцілі» свае даходы, а «дзялілі паміж сабой».
  • Злачынную схему пакрываў былы намесьнік кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Уладзімер Ціхіня.
  • Прыбыткі «цукровых кіраўнікоў» складалі мільёны даляраў, па іх яны езьдзілі ў офіс расейскай кампаніі «Полимер».

Што з цукрам цяпер

Глядзім, як крымінальная справа паўплывала на вытворчасьць цукру і ягоны экспарт.

Са студзеня па красавік Беларусь экспартавала цукру на 42 мільёны даляраў, гэта на 12 мільёнаў менш, чым за такі ж пэрыяд у мінулым годзе.

Пры гэтым удвая прасеў экспарт цукру ў Расею. За студзень-красавік 2019 году — 43 мільёны даляраў, а сёлета — 20 мільёнаў даляраў.

Больш цукру сталі пастаўляць у Казахстан, Таджыкістан, Грузію, Літву.

Больш цукру сталі закупляць у Расеі. Са студзеня па красавік Беларусь закупіла цукру на 9 мільёнаў даляраў, гэта ўдвая болей, чым за такі ж пэрыяд летась. Найбольш — у Расеі: сёлета на 9 мільёнаў, летась на 2,9 мільёна.

На 1 мільён даляраў Беларусь набыла і сыравіны для цукру, найбольш — у Расеі. Яшчэ на пачатку «цукровай справы» Свабода паведамляла, што на цукровым рынку лішак тавараў, і ў Расеі цукар аказаўся таньнейшы, чым у Беларусі. Бо там цэны дыктуе рынак, а ў Беларусі яны вызначаюцца дзяржавай.

Такім чынам, ад пачатку «цукровай справы» экспарт прасеў, а імпарт, наадварот, вырас: як сыравіны, так і гатовага прадукту.

Што вядома праз паўгода пра «злачынную схему»

У сюжэце БТ гаварылася пра фірму «Еўратарэкс», якую нібыта стварылі ў Беларусі адмыслова пад злачынную схему, пра што ў эфіры расказаў сьледчы КДБ Канстанцін Бычак (той самы, што нядаўна камэнтаваў справу «Белгазпрамбанку»). Згодна зь дзяржаўным рэестрам, гэтая фірма зьявілася 20 гадоў таму. Яе кіраўнік — Дзьмітры Сямашка.

Праз паўгода пра затрыманьні ў гэтай фірме не чуваць. Але адзіны тэлефон удзень 16 ліпеня ўвесь час заняты, згодна зь дзяржаўным рэестрам фірма працягвае працаваць.

Аляксандар Лукашэнка тады ж апісваў іншую схему, адрозную ад той, што паказалі па дзяржаўнай тэлевізіі.

«Такога ў Беларусі яшчэ не было, — заявіў Аляксандар Лукашэнка. — Што зрабілі гэтыя дзялкі: яны стварылі ў Маскве „пракладку“, гандлёвы дом. Звычайная „пракладка“. Паставілі туды сваіх. З заводаў па стратных цэнах прадавалі гандлёваму дому ў Маскве беларускі цукар. Тыя, павялічыўшы цану, прадавалі на рынку. Розьніцу хабарам раздавалі гэтым дырэктарам заводаў».

Як бачым са статыстыкі, цяпер з Расеі экспартуецца яшчэ больш цукру, чым летась.

24 чэрвеня намесьнік генпракурора Аляксей Стук паведамляў, што фігуранты «цукровай справы» «супрацоўнічаюць са сьледзтвам» і «прызналі факты крымінальнай дзейнасьці». На той момант яны былі пад вартай.

16 ліпеня ў КДБ, які расьсьледуе гэтую крымінальную справу, даведацца актуальную інфармацыю не ўдалося.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG