Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнцкая асамблея АБСЭ скрытыкавала Беларусь за несвоечасовае запрашэньне назіральнікаў на выбары


Міжнародныя назіральнікі ад БДІПЧ АБСЭ на парлямэнцкіх выбарах, 2019 год
Міжнародныя назіральнікі ад БДІПЧ АБСЭ на парлямэнцкіх выбарах, 2019 год

У Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ заявілі, што несвоечасовае запрашэньне назіральнікаў на выбары ў Беларусі парушае прынятыя краінай абавязацельствы, паведамляецца на афіцыйным сайце арганізацыі.

У сумеснай заяве старшыні камітэту Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаньнях Кірыякаса Хаджыані, яго намесьніка Майкла Георга Лінка і дакладчыка камітэту Кары Хенрыкс падкрэсьліваецца, што ўсе дзяржавы — удзельніцы АБСЭ абавязаны ў адпаведнасьці з Капэнгагенскім дакумэнтам АБСЭ 1990 году садзейнічаць назіраньню за выбарамі з боку іншых дзяржаваў-удзельніц.

«Той факт, што Беларусь да гэтага часу не змагла запрасіць АБСЭ для назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі 9 жніўня, фактычна перашкодзіў назіраньню за ключавымі этапамі выбарчага працэсу, такімі як фармаваньне выбарчых камісій і рэгістрацыя кандыдатаў.

Хоць Парлямэнцкая асамблея не плянавала накіроўваць назіральнікаў з прычыны пандэміі COVID-19, мы вельмі шкадуем аб тым, што адсутнасьць запрашэньня ў нашых партнэраў па БДІПЧ перашкодзіла ім праводзіць якія-небудзь мерапрыемствы па назіраньні за выбарамі. Народ і дзяржаўныя інстытуты Беларусі выйгралі б ад дадатковай празрыстасьці, забясьпечанай назіраньнем за выбарамі з боку АБСЭ», — падкрэсьлілі ў заяве.

Таксама ў ёй выказваецца заклапочанасьць затрыманьнямі патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты і перасьледам актывістаў апазыцыі.

15 ліпеня Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ абвясьціла, што ня будзе накіроўваць у Беларусь назіральную місію ў сувязі з тым, што адсутнасьць своечасовага запрашэньня не дазваляе правесьці паўнавартаснае назіраньне за ўсімі этапамі выбарчага працэсу.

Увечары 15 ліпеня МЗС Беларусі паведаміў, што накіраваў запрашэньні міжнародным назіральнікам «дакладна ў дзень пасьля рэгістрацыі кандыдатаў, у поўнай адпаведнасьці з раней зробленымі публічнымі заявамі МЗС».

Парлямэнцкая асамблея АБСЭ 7 ліпеня паведаміла, што ня будзе накіроўваць назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, бо ў яе «няма плянаў назіраць за выбарамі да восені як мінімум з прычыны пандэміі COVID-19».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG