14 ліпеня Эканамічны суд Менску прыняў рашэньне распачаць вытворчасьць па справе аб эканамічнай неплатаздольнасьці (банкруцтве) кампаніі «Трайпл», паведамляе Tut.by.
У траўні 2020 году кампанія «Трайпл» бізнэсоўца Юрыя Чыжа накіравала ў суд заяву аб эканамічнай неплатаздольнасьці. Яе пачалі разглядаць 26 чэрвеня, але суд запатрабаваў дадатковыя дакумэнты і перанёс разгляд на 14 ліпеня.
Падчас пасяджэньня 14 ліпеня стала вядома, што на 30 чэрвеня агульны памер крэдыторскай запазычанасьці «Трайпла» склаў 183,5 мільёна рублёў. Уласная запазычанасьць кампаніі — 85 мільёнаў рублёў, большая частка доўгу — абавязацельствы па дамовах даручніцтва. Грошы бралі ў «Белаграпрамбанку», «Агралізінгу» і «АСБ Лізінг» для стварэньня крамаў Prostore, мадэрнізацыі вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў на Бярозаўскім камбінаце сілікатных вырабаў і «КварцМелПраме». Адносна апошніх дзьвюх структураў распачалі справы аб банкруцтве яшчэ раней.
Кошт актываў «Трайплу» на 30 чэрвеня склаў 130 мільёнаў рублёў. Аднак на самай справе, як сказала прадстаўніца «Трайплу» ў судзе, у кампаніі няма крыніц, каб задаволіць патрабаваньні «нават трэцяй часткі крэдытораў».
Часовым кіраўніком «Трайпла» суд паводле хадайніцтва Камітэту дзяржкантролю зацьвердзіў Марыну Івановіч з кіроўнай кампаніі «Советник».
Цяпер кампанія «Трайпл» у асноўным займаецца будаўніцтвам. Таксама кампанія мае пяць філіяў:
- гарналыжную базу «Лагойск»,
- лядовую арэну ў Бярозе,
- сельскагаспадарчую кампанію «Трайпл-агра»,
- SPA-цэнтар і
- рэстарацыю «Залаты грабеньчык» у Менску.
Бізнэсоўцу Юрыю Чыжу належаць 66,5% «Трайпла», астатняе па 16,75% падзеленае між расейцамі Ёсіфам Аксенцьевым і Міхаілам Мамашвілі.
Бізнэс Юрыя Чыжа пачаўся ў 1992 годзе. Тады «Трайпл» займаўся выпускам новых для Беларусі шклопакетаў і рабіў газіроўку пад маркай «Акватрайпл». Ужо ў 1996 годзе яны выйгралі буйны тэндэр на пастаўку шклопакетаў для будаўніцтва новага менскага вакзалу. З гэтага пачалася гісторыя кампаніі, якая працавала ў нафтагазавай сфэры, на рынку нерухомасьці, у рытэйле, рэстаранным бізнэсе і ў сфэры прыгажосьці. У 2013 годзе Юры Чыж быў самым уплывовым бізнэсоўцам Беларусі. Зьбіраў ураджай на ўчастку Лукашэнкі і будаваў гатэль «Кемпінскі», яго называлі «гаманцом Лукашэнкі». Ужо праз тры гады ён трапіў у СІЗА на паўгода.