Колькасьць подпісаў за вылучэнца на прэзыдэнцтва Валера Цапкалу павялічылася на 3247. Пра гэта на паседжаньні, прысьвечаным рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты, заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Яна прызнала памылку камісіі ў выдачы пасьведчаньня бабруйскаму каардынатару па Першамайскім раёне Андрэю Архіпенку, які, паводле Ярмошынай, ня быў чальцом ініцыятыўнай групы. Як вынікае зь яе тлумачэньняў, памылка выявілася, калі ініцыятыўная група здала сабраныя подпісы, а тэрытарыяльная камісія іх забракавала.
«У гэтым выпадку бяром віну на сябе і аднаўляем дадзенай групе па Бабруйскай Першамайскай выбарчай камісіі 3247 подпісаў. Гэта ўсе подпісы, сабраныя на тэрыторыі раёну, — сказала старшыня ЦВК. — Будзе ўнесена карэкціроўка ў той вынік, які будуць падпісваць чальцы Цэнтральнай выбарчай камісіі».
Андрэй Архіпенка мае пасьведчаньні каардынатара па Ленінскім раёне Бабруйску і па Бабруйскім раёне. Пра тое, што пасьведчаньні не сапраўдныя, ён даведаўся выпадкова ў Магілёўскай абласной выбарчай камісіі 10 ліпеня. Прыхільнік Цапкалы кажа, што ў раённыя камісіі здаў блізу 500 подпісаў.
Па ягоных словах, Першамайская камісія выявіла хібы ў больш як 15 працэнтах адабраных подпісаў, што дало ёй права забракаваць усе подпісы, сабраныя ініцыятыўнай групай у Першамайскім раёне. Прызнаньне ж ЦВК сваёй памылкі зьменшыла працэнт хібаў і ўзаконьвае непрызнаныя подпісы.
Андрэй Архіпенка лічыць, што на пазыцыю ЦВК паўплывалі ягоныя скаргі і прэтэнзіі выбарчага штабу вылучэнца на прэзыдэнцтва.
«Я задаволены, — кажа Архіпенка. — Гэта ці не адзіны выпадак, калі ЦВК прызнаў сваю памылку».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.