Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі: спадзяёмся, што ня будзе неабходнасьці ўводзіць санкцыі


Дырк Шубэль
Дырк Шубэль

Кіраўнік прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Дырк Шубэль спадзяецца, што санкцыі з прычыны наяўнасьці палітвязьняў у дачыненьні да Беларусі ўводзіць не давядзецца.

Пра гэта паведамляе агенцтва БелаПАН.

Сёньня амбасадар Шубэль узяў удзел у цырымоніі перадачы сродкаў індывідуальнай абароны, закупленых Сусьветнай арганізацыяй здароўя на сродкі ЭЗ для лекараў Менскай вобласьці.

«Санкцыі — гэта пытаньне ўсіх краінаў Эўразьвязу, мы будзем абмяркоўваць яго ў залежнасьці ад сытуацыі. Мы спадзяёмся, што нам ня будзе неабходнасьці гэта рабіць», — сказаў Шубэль.

Ён адзначыў, што бакі здолелі шмат зрабіць на працягу апошніх пяці гадоў. «Мы былі рады, што ў вас пяць гадоў не было палітычных зьняволеных. Гэта быў важны крок, мы шмат зрабілі разам, стварылі структуры, якіх раней не было. Мы вялі перамовы ў справе заключэньня дамовы аб партнэрстве і супрацоўніцтве, якая, у прынцыпе, гатовая. У нас дыялёг шмат у якіх сфэрах. Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця і Эўрапейскі інвэстыцыйны банк пасьпяхова працуюць у вашай краіне», — адзначыў дыплямат.

«Мы гатовыя ісьці далей, але ёсьць адно вялікае „але“. Гэта сытуацыя з правамі чалавека і дэмакратыяй у вашай краіне, асабліва ў кантэксьце прэзыдэнцкіх выбараў. Мы ясна патлумачылі, чаго мы чакаем ад кіраўніцтва краіны», — сказаў кіраўнік прадстаўніцтва Эўразьвязу.

Ён нагадаў пра сумесную заяву амбасадараў ЭЗ, ЗША і Вялікай Брытаніі ад 2 чэрвеня. «На жаль, не было рэакцыі, як мы чакалі. Нам было неабходна рэагаваць зноў, і 19 чэрвеня была заява спадара Барэля (вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Жазэп Барэль. — РС) пасьля затрыманьня Віктара Бабарыкі. Таксама была вялікая дыскусія ў Эўрапарлямэнце на мінулым тыдні. Мы чакаем, што тыя, хто цяпер з палітычных матываў арыштаваны і знаходзіцца ў турме, будуць неадкладна вызваленыя, каб выбары прайшлі без праблемаў, аб’ектыўна, каб кандыдатамі ў прэзыдэнты сталі тыя, хто сабраў больш за 100 тысячаў подпісаў», — сказаў Шубэль.

Ён таксама адзначыў, што АБСЭ чакае запрашэньня для назіраньня за выбарамі. «Спадзяёмся, што будзе неадкладнае запрашэньне, таму што часу мала. Калі краіна хоча, каб выбары былі абʼектыўнымі і было добрае назіраньне, то часу вельмі мала», — лічыць кіраўнік прадстаўніцтва ЭЗ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG