Замест працы на дзяржаўнае прадпрыемства Алена Радзькова цяпер працуе «на перамогу».
На наваполацкім аб’яднаньні «Нафтан» спынілі працоўны кантракт з былой супрацоўніцай інтэрнату № 3 Аленай Радзьковай, якую гледачы каналу Сяргея Ціханоўскага «Краіна для жыцьця» сёлета двойчы бачылі на ягоных стрымах. Спачатку, 1 красавіка, быў стрым з Полацку, потым, 29 красавіка, блогер сустракаўся з жыхарамі Наваполацку на галоўнай плошчы гораду.
«Мяне задавальняе мая праца. Мяне не задавальняе тое, што я не магу выйсьці і сказаць тое, што я думаю», — гэтак казала Алена Радзькова Сяргею Ціханоўскаму.
«Тры месяцы — а колькі ўсяго мінула!», — зьдзіўляецца Алена і пералічвае значныя для сябе падзеі за гэты час. Празь месяц пасьля той размовы з блогерам яго арыштавалі ў Горадні. Яна якраз стаяла на пікеце ў Наваполацку і онлайн назірала, як затрымлівалі Ціханоўскага. Цяпер сочыць за тым, што зь ім адбываецца на «Валадарцы».
Саму Алену Радзькову за гэты час звольнілі з працы, якая яе «цалкам задавальняла».
«Спачатку двойчы аштрафавалі. У траўні далі 8 базавых, яшчэ ўлічылі, што ў мяне малое дзіця, а ў чэрвені ўжо аштрафавалі на ўсю катушку — 30 базавых. Пасьля штрафаў маю загадчыцу інтэрнату выклікалі да начальства і загадалі разарваць са мной тэрміновы кантракт. Мне наўпрост сказалі, каб рыхтавалася да звальненьня. Нібыта папярэдніца вяртаецца і таму звальняюць „у сувязі з заканчэньнем тэрміну тэрміновага кантракту“. Але ўсім зразумела, што насамрэч», — кажа Алена Радзькова.
З 25 чэрвеня Алена Радзькова нідзе не працуе, але беспрацоўнай сябе ня лічыць. «Ну як нідзе? Я працую на перамогу. У Наваполацку і Полацку штодня сустракаюцца людзі, якія за перамены».
Паводле Алены Радзьковай, аднадумцаў яна сустракае ўсё болей, хоць зьнешне можа падацца, што веснавая хваля палітычнай актыўнасьці спынілася.
«У мяне на тэлефоне налепка „3%“. Зайшла ў нашу нафтанаўскую паліклініку, дык там мужчына спытаў, дзе можна такую налепку дастаць. Кажа, у іх увесь цэх падтрымлівае „Страну для жизни“, а ён адзін з кіраўнікоў цэху. І гэтак з кім ні пагавару — Лукашэнку ніхто не падтрымлівае. Ну, хіба мая бабуля будзе за яго галасаваць, але і тая паглядзела відэа і засумнявалася. А я дык дакладна сярод сваіх знаёмых і 3% ня бачу тых, хто за яго», — дзеліцца назіраньнямі Алена Радзькова.
Ліст ад Лукашэнкі: «Дарагі сябар»
Алена Радзькова — былая спартоўка-лыжніца, скончыла Наваполацкую школу алімпійскага рэзэрву, а потым паступіла вучыцца на эканаміста ў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўнівэрсытэт.
Кажа, што яшчэ да ўнівэрсытэту «стала на апазыцыйны шлях», пабачыўшы фільмы Юрыя Хашчавацкага «Звычайны прэзыдэнт» і пра Плошчу-2006. Важны пункт на гэтым шляху — 2010 год, калі адбыліся пазамінулыя прэзыдэнцкія выбары. Тады Алена ўжо вучылася ў БДАТУ і на пачатку кастрычніка з уласнай ініцыятывы напісала ліст прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку. У канцы месяца прыйшоў адказ, які на ўсякі выпадак яна захоўвае ў сямейным архіве.
«Запыталася ў яго пра тое, як будуць вырашацца праблемы сельскай гаспадаркі, бо вёска ж натуральна гіне. І вось атрымліваю адказ. Уражаньне — агульныя словы. Мяркую, мой ліст ён і не чытаў, бо адказ быў па шаблёне: дарагі сябар, якая ты маладзец, што цікавісься, гэтую праблему мы абавязкова падымем, разгледзім і гэтак далей. Карацей, 22 кастрычніка прыйшоў той ліст ад Лукашэнкі, а 19 сьнежня я ўжо стаяла на Плошчы, якую разагналі дубінкамі. І вось той адказ, лічу, быў сапраўдны», — мяркуе Алена Радзькова.
У стрыме Сяргея Ціханоўскага, за які маладую маці пакаралі штрафам, а ў выніку яна страціла працу, Алена Радзькова выказала думку, што пераменаў павінны дамагацца найперш мужчыны. Ці быў яе мэсыдж пачуты?
Алена згадала сяброўку, муж якой прызнаў, што гэта такім, як ён, што ляжаць на канапе, было адрасавана тое пасланьне. Таго мужчыну нібыта зачапіла, а іншых?
Муж Алены працуе ў Расеі і яе актыўнасьць асабліва не падтрымлівае. Маці згодная зь ёй у ацэнках дзейнай улады, але раіць «не высоўвацца». І ўсё ж яна высунулася.
«Можа, я нейкая неверагодная аптымістка, але ў мяне ўпэўненасьць, што ў тым годзе ўсё атрымаецца, усё будзе. Сустракаю знаёмага, а ён кажа: а навошта мне гэтыя разважаньні ў „Тэлеграме“? Кажа, што ўжо вырашыў для сябе, што паедзе на плошчу адстойваць свой голас, адстойваць сваю краіну. Была ў шоку, бо ад гэтага чалавека дакладна такога не чакала», — прызнаецца Алена Радзькова.
22 ліпеня ў Алены Радзьковай суд — паспрабуе ў Віцебскім абласным судзе абскардзіць штраф у 30 базавых велічынь за збор подпісаў за Ціханоўскую, які праходзіў у Наваполацку 28 траўня. «У мяне пасьведчаньне сябра ініцыятыўнай групы Чэрачня. Буду даводзіць, што прыходзіла на пікет за Ціханоўскую, проста каб паглядзець, як ідзе збор подпісаў, павучыцца. Вось паглядзім, што суд скажа. Хіба гэта забаронена?»
Начальнік управы сацыяльных аб’ектаў «Нафтану» Алег Ермаковіч, камэнтуючы звальненьне Алены Радзьковай, сказаў, што да выбарчай кампаніі гэтае звальненьне ня мае дачыненьня. «Кантракт быў часовы, усяго на месяц. Месяц скончыўся, працаўнік выйшаў, а яна звольнілася», — сказаў Алег Ермаковіч.
Паводле Алены Радзьковай, у інтэрнаце № 3 яна насамрэч адпрацавала 6 месяцаў, а да таго працавала на турыстычнай базе аб’яднаньня. «Кантракт са мной быў на нявызначаны тэрмін, на час адсутнасьці сталага супрацоўніка», — патлумачыла Алена Радзькова пра сваю працу ў інтэрнаце «Нафтану». Яна ўпэўненая, што працоўнага месца яе пазбавілі менавіта з палітычных прычын.