У склад участковых выбарчых камісій, створаных на тэрыторыі Беларусі, уключылі толькі 5 чалавек з ініцыятывы «Честные люди». Яшчэ сямёра трапілі ў камісіі, створаныя пры амбасадах за межамі краіны.
Усяго на плятформе «Честные люди» адзначыліся 2192 чалавекі, якія напісалі, што падалі заявы на ўключэньне ва ўчастковыя камісіі.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«Гэта мізэрны працэнт»
Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў адзін зь сяброў ініцыятывы «Честные люди» Аляксей Падрэз.
«12 чалавек — гэта мізэрны працэнт з улікам таго, што падаваліся больш за дзьве тысячы чалавек. Мы чакалі, што ўключаць хаця б 150-200. А тут высьветлілася, як у нас баяцца страціць кіраванасьць камісіямі, каб туды ня трапілі незалежныя прадстаўнікі».
Аляксей Падрэз расказаў, як рэагуюць людзі ў чатах на тое, што іх не ўключылі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі.
«Бальшыня людзей, якія складаюць ініцыятыву „Честные люди“, лічаць, што ўсё было падобна на спэктакль, калі кожны грае сваю ролю, і гэтыя ролі расьпісаныя. Дзьве тысячы — гэта шмат людзей, за іх трэба было прагаласаваць. І тыя збоі сыстэмы ў матрыцы, якія былі, сьведчаць пра гэты спэктакль.
Так, за нейкую дзяўчыну спачатку прагаласавалі, а потым стала зразумела, што прагаласавалі не за таго чалавека, за якога трэба. І ў канцы паседжаньня прагаласавалі і дзяўчыну не ўключылі ў камісію. Альбо такі выпадак, калі чыноўнікі адміністрацыі Фрунзэнскага раёну, ня выключыўшы мікрафоны, сталі абмяркоўваць, як і каго трэба выбіраць ва ўчастковую камісію. Усе гэтыя факты сьведчаць, што гэта было не зусім сумленна».
Паводле Аляксея, ініцыятыва «Честные люди» дапамагае людзям ажыцьцявіць свае законныя правы.
«Цяпер мы дапамаглі тым, хто захацеў пайсьці ў суд са скаргамі і аспрэчыць рашэньні пра неўключэньне ў выбарчыя камісіі. Сёньня апошні дзень, калі гэта можна зрабіць. Я мяркую, што пасьпеюць падаць каля ста скаргаў. У найбліжэйшы час мы будзем дапамагаць людзям пры афармленьні дакумэнтаў, якія хочуць вылучацца ў назіральнікі».
Мэта плятформы «Честные люди», як гаворыцца на яе старонках у сацсетках, «рэалізаваць права кожнага чалавека ведаць сумленную і празрыстую інфармацыю аб выбарах прэзыдэнта. Гэтаму праву сёньня перашкодзілі».
«Наступны крок, які можа зрабіць кожны з тых, каму адмовілі ўчора і сёньня, — падаць скаргу ў суд», — гаворыцца на плятформе.
Суды адхіляюць скаргі
32-гадовы прадпрымальнік Дзьмітры Сырцоў абскардзіў рашэньне адміністрацыі Фрунзэнскага раёну Менску, якая адмовілася ўключыць яго ў склад участковай выбарчай камісіі. Разгляд скаргі працягваўся сёньня каля 25 хвілін, сказаў карэспандэнту Свабоды Дзьмітры.
«Скаргу адхілілі па фармальных прыкметах», — мяркуе ён.
Дзьмітры кажа, што крытэры, паводле якіх людзі выбіраюцца ў камісіі, не прапісаны ў выбарчым заканадаўстве, такія рашэньні прымаюцца адміністрацыямі зь нейкіх сваіх меркаваньняў.
«Для іх крытэр — наяўнасьць досьведу працы ў выбарчай камісіі. Але патрабаваць у чалавека досьведу працы ў выбаркаме — гэта як патрабаваць у студэнта, каб ён быў выпускніком. Гэта абсурдны крытэр.
Мы ўжо абмяркоўвалі зь сябрамі ў чаце, што тыя людзі, якіх уключылі ў склад камісій, працуюць звычайна ў адной арганізацыі. На маім 14-м участку гэта ўсе супрацоўнікі школы № 23; больш за тое, 95% — гэта людзі, якія былі ў камісіях на мінулых парлямэнцкіх выбарах. Яны падаюцца ад Саюзу жанчын, БРСМ, і іхныя характарыстыкі нібыта напісаныя пад капірку: „умее прыняць рашэньне ў складанай сытуацыі“, „мае правільныя жыцьцёвыя арыентыры“ альбо „валодае пачуцьцём высокай адказнасьці“.
Цікава, што сёньня падчас пасяджэньня суду, які разглядаў маю скаргу, зачытвалі ўрыўкі з маіх характарыстык і не зачытвалі характарыстыкі вось гэтых людзей, якіх уключылі».
Дзьмітры думае, што ў адміністрацыях былі раней зарыхтаваныя сьпісы сяброў участковых выбарчых камісій.
«Абсалютна відавочна, што там былі ўжо канкрэтныя сьпісы і чыноўнікам трэба было толькі зрабіць выгляд сумленнасьці, празрыстасьці гэтага працэсу. Вось яны і зрабілі».
Адмовілі «неабгрунтавана і цынічна»
Прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава падчас стрыму пракамэнтавала масавае неўключэньне грамадзян у выбарчыя камісіі:
«Такім чынам дзяржава хоча падзяліць народ, а мы ўвогуле адно цэлае».
У заяве штабу Бабарыкі гаворыцца, што людзям адмовілі «неабгрунтавана і цынічна, ператварыўшы ў фарс працэдуру вылучэньня і галасаваньня і пакінуўшы без увагі сабраныя дзясяткі тысяч подпісаў выбарнікаў з участкаў».
«Пры гэтым аказалася ўсё роўна, хто быў заяўнікам — кіраўнік прадпрыемства, унікальны спэцыяліст, вядомы музыкант або студэнт Гарвардзкага ўнівэрсытэту.
Паводле Выбарчага кодэксу, ва ўчастковай камісіі можа быць ад 5 да 19 чалавек. Усяго было пададзена 70 200 заявак на 108 600 патэнцыйных месцаў. Калі б узялі ўсіх, хто выказаў жаданьне, у сярэднім у камісіі было б па 12 чалавек. Але памер складу камісій быў паніжаны да такога, каб туды трапілі толькі тыя людзі, якія павінны там быць».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.