Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адмовіў Сяргею Ціханоўскаму ў задавальненьні скаргі на зьмяшчэньне ў карцар


Суд быў закрыты. У залю пусьцілі толькі Сьвятлану Ціханоўскую (у цэнтры) з адвакатакай і прадстаўніком СІЗА, 9 ліпеня 2020 году
Суд быў закрыты. У залю пусьцілі толькі Сьвятлану Ціханоўскую (у цэнтры) з адвакатакай і прадстаўніком СІЗА, 9 ліпеня 2020 году

Ціханоўскі правёў у карцары два тыдні. За тое, што сядзеў на падваконьні, а пад стольлю знайшлі павуціньне.

Суд Маскоўскага раёну Менску не задаволіў скаргу блогера Сяргея Ціхноўскага на пакараньні ў менскім СІЗА № 1, дзе яго ў чэрвені двойчы, на 7 сутак кожны раз, зьмяшчалі ў карцар. Паседжаньне, якое вяла судзьдзя Вольга Гусакова, доўжылася за зачыненымі дзьвярыма больш як 3,5 гадзіны. Сяргея Ціханоўскага ў суд не прывозілі, не была забясьпечана і відэасувязь.

За што Сяргея Ціханоўскага зьмяшчалі ў карцар?

Паводле матэрыялаў справы, першы раз Ціханоўскага пакаралі карцарам за тое, што сядзеў на падваконьні. Другое спагнаньне ён атрымаў ужо ў карцары, калі ахоўнікі знайшлі павуціньне пад стольлю. У суд былі выкліканыя супрацоўнікі СІЗА № 1, якія пацьвердзілі гэтыя зьвесткі, сказала пасьля разбору адвакат Натальля Мацкевіч. Паводле абаронцы Сяргея Ціханоўскага, накладзеныя на яго пакараньні былі незаконныя і несувымерныя.

«Наша пазыцыя палягала ў тым, што гаворка ідзе не пра асуджаных людзей, для якіх патрэбныя меры перавыхаваньня і магчымы пакараньні за парушэньне парадку адбыцьця пакараньня. Сяргей Ціханоўскі ўсяго толькі знаходзіцца пад сьледзтвам. Выкарыстоўвайце гэты час на сьледзтва, але за што ўжо караць чалавека? Да яго недапушчальныя меры пакараньня, тым больш такія жорсткія, як карцар. Але суд прыняў іншае рашэньне. Мы, безумоўна, будзем яго абскарджваць», — сказала адвакат Натальля Мацкевіч.

Чаму не было відэасувязі зь Ціханоўскім?

Паводле адваката Натальлі Мацкевіч, судзьдзя патлумачыла адсутнасьць відэасувязі зь Сяргеем Ціханоўскім тым, што было прынята рашэньне разгляд ягонай скаргі праводзіць у закрытым рэжыме, бо ў матэрыялах справы ёсьць дакумэнты, прызнаныя тайнай.

«Лёгіка ў іх такая: калі суд закрыты, дык і відэасувязі не павінна быць», — адзначыла абаронца Сяргея Ціханоўскага.

Чаму так доўга разглядалася скарга?

«Вывучаліся дакумэнты, суд вызначаўся з хадайніцтвамі, дапыталі некалькі сьведак. Колькі, сказаць не магу», — адказала адвакат Ціханоўскага.

З 26 чэрвеня Сяргея Ціханоўскага перавялі з карцару «Валадаркі» ў звычайную камэру.

Натальля Мацкевіч бачылася зь Сяргеем Ціханоўскім учора, 8 ліпеня.

«Ён у добрым настроі, бадзёры. Выглядае нармальна, і, мяркую, стан здароўя здавальняючы», — сказала адвакатка Натальля Мацкевіч.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG