Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта было трэба толькі яму?» — Сьвятлана Ціханоўская паскардзілася, што яе мужа слаба падтрымліваюць


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Прэтэндэнтка ў кандыдаты на прэзыдэнта Сьвятлана Ціханоўская пакінула будынак Маскоўскага раённага суду, не дачакаўшыся рашэньня наконт скаргі яе мужа, Сяргея Ціханоўскага.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Усё ж спадзяюся на справядлівае рашэньне, але вы самі бачыце, што адбываецца», — сказала Сьвятлана, выйшаўшы з будынка суду.

Сьвятлана Ціханоўская пасьля суду
Сьвятлана Ціханоўская пасьля суду

Што яна думае пра тое, наколькі аб’ектыўна адбываецца разгляд скаргі яе мужа?

Сьвятлана Ціханоўская адказала, што рабіць высновы ёй складана, бо на разглядзе скаргі гучала шмат юрыдычных тэрмінаў.

Сьвятлана Ціханоўская ў судзе. У залю пусьцілі толькі яе і адвакатку
Сьвятлана Ціханоўская ў судзе. У залю пусьцілі толькі яе і адвакатку

Дык за што Ціханоўскага двойчы каралі карцарам?

Паводле Сьвятланы Ціханоўскай, агучылі інфармацыю, што першыя 7 сутак карцару яе муж атрымаў за парушэньне парадку — нібыта за тое, што сядзеў на падвоканьні.

Прыхільнікі Сяргея Ціханоўскага на судзе
Прыхільнікі Сяргея Ціханоўскага на судзе

Другія 7 сутак — за тое, што не прыбраў карцар: ахоўнікі знайшлі пад стольлю павуціньне. «Супрацоўнік СІЗА, якога апыталі ў судзе, гэта пацьвердзіў», — сказала журналістам Сьвятлана Ціханоўская.

Сьвятлана Ціханоўская (справа) і адвакатка Сяргея Ціханоўскага
Сьвятлана Ціханоўская (справа) і адвакатка Сяргея Ціханоўскага

Чаму разгляд скаргі зрабілі закрытым?

«Суд спаслаўся на тое, што была агучаная інфармацыя з асабістай справы мужа, а гэта нібыта сакрэт», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

У судзе журналістам усяляк перашкаджалі здымаць
У судзе журналістам усяляк перашкаджалі здымаць

Ці адчувае Сьвятлана Ціханоўская, што ейнага мужа падтрымліваюць?

Прэтэндэнтка ў кандыдаты на прэзыдэнта Сьвятлана Ціханоўская адказала, што адчувае міжнародную падтрымку, а вось што да падтрымкі ўнутры краіны, то яна расчараваная.

Сьвятлана Ціханоўская з адвакаткай
Сьвятлана Ціханоўская з адвакаткай

«Але глябальнай падтрымкі ад людзей, за якіх цяпер сядзіць Сяргей, не адчуваю. Калі гэтак лёгка можна напалохаць людзей, тады навошта гэта ўсё было трэба? Навошта было даваць надзею Ціханоўскаму і потым так рэзка ад усяго адмовіцца? Людзі што, перамен баяцца? Усе хочуць і ўсе баяцца? Дык што, адзін Ціханоўскі мусіў гэта рабіць? Дык ён цяпер сядзіць — і ўсё, канец?»

Сьвятлана Ціханоўская зьехала з суду, спаслаўшыся на «тэрміновую занятасьць».

Сёньня яна з другой спробы здолела перадаць Сяргею Ціханоўскаму ў СІЗА тэлевізар. Першы раз тэлевізар адмаўляліся браць, спасылаючыся на сытуацыю з каранавірусам.

У другой палове дня суд адмовіў Сяргею Ціханоўскаму ў задавальненьні скаргі на зьмяшчэньне ў карцар.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG