Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС Беларусі адказала на звароты з нагоды масавых затрыманьняў на выбарчых пікетах


Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьне падчас ланцуга салідарнасьці з затрыманымі ў Беларусі. Менск, 19 чэрвеня 2020 году
Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьне падчас ланцуга салідарнасьці з затрыманымі ў Беларусі. Менск, 19 чэрвеня 2020 году

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі 6 ліпеня апублікавала адказ на звароты грамадзян з прычыны затрыманьняў удзельнікаў масавых мерапрыемстваў падчас выбарчай кампаніі.

У адказе МУС гаворыцца, што ў адпаведнасьці з Выбарчым кодэксам ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатаў могуць без атрыманьня дазволаў праводзіць масавыя мерапрыемствы толькі ў форме пікетаў у месцах, не забароненых мясцовымі ўладамі. Ва ўсіх іншых выпадках мерапрыемствы падпадаюць пад дзеяньне закону «Аб масавых мерапрыемствах».

Удзельнікі такіх мерапрыемстваў абавязаныя «няўхільна выконваць парадак іх арганізацыі і правядзеньня, устаноўленыя забароны і абмежаваньні». Тых, хто парушае гэты парадак, прыцягваюць да адказнасьці, прадугледжанай заканадаўствам.

Міліцыянт мае права «ва ўстаноўленым парадку прымяніць фізычную сілу і спэцыяльныя сродкі», адзначае МУС. Замах на супрацоўнікаў міліцыі ў любых формах «цягне за сабой спыненьне такіх дзеяньняў сродкамі і спосабамі, прадугледжанымі прававымі актамі».

Што да праваахоўнікаў у цывільным адзеньні, то, «зыходзячы са спэцыфікі задач, якія выконваюцца», кіраўнік можа прыняць такое рашэньне, і гэта «не супярэчыць дзейнаму заканадаўству».

Зьвяртаючыся да грамадзян, міліцыянт павінен прадставіцца, паведаміць свае званьне і прозьвішча, пацьвярджаюць у МУС. Аднак гэтыя патрабаваньні не распаўсюджваюцца на выпадкі, калі трэба «неадкладна спыніць правапарушэньні, затрымаць асобаў, якія іх учынілі, а таксама тых, хто спрабуе ўцячы».

Тыя, хто лічыць, што іх правы парушылі пры затрыманьні, маюць права падаць скаргу на супрацоўнікаў міліцыі, але «звароты, якія не адпавядаюць устаноўленым патрабаваньням, пакідаюцца без разгляду па сутнасьці».

Пасьля затрыманьняў на акцыях «ланцуг салідарнасьці» ў розных гарадах Беларусі многія людзі скардзіліся на жорсткія затрыманьні, на тое, што іх зьбівалі рукамі і нагамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG