Права выхаду рэспублік з Савецкага Саюзу было «мінай запаволенага дзеяньня». Расея павінна пазьбегнуць падобных памылак.
Пра гэта расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін заявіў у перадачы «Москва. Кремль. Путин» на тэлеканале «Россия-1», дзе патлумачыў сутнасьць прынятых нядаўна паправак у Канстытуцыю Расеі.
Ён адзначыў, што ў савецкай Канстытуцыі быў закладзены тэзіс Леніна аб праве выхаду рэспублік са складу СССР.
«Вось гэта і ёсьць міна запаволенага дзеяньня, закладзеная яшчэ ў 1922 годзе пры ўтварэньні Савецкага Саюзу», — сказаў Пуцін, падкрэсьліўшы, што гэтая норма паўтаралася і ў наступных Канстытуцыях СССР.
«Зразумела, падобных рэчаў мы павінны пазьбегнуць», — канстатаваў прэзыдэнт Расеі.
«Я абсалютна перакананы: мы правільна робім, што прымаем папраўкі да дзейнай Канстытуцыі. Яны будуць умацоўваць нашу дзяржаўнасьць, ствараць умовы для паступальнага развіцьця нашай краіны на дзесяцігодзьдзі наперад», — адзначыў расейскі лідэр.