Былы памочнік Аляксандра Лукашэнкі парэкамэндаваў гэтую кнігу ў самы разгар збору подпісаў за прэтэндэнтаў у прэзыдэнты Беларусі. «Для перадвыбарчага адрэналіну», – напісаў у сваім твітэры Кірыл Руды пра кнігу, якая апісвае эфэктыўны спосаб пачатку пераменаў.
Насуперак падзагалоўку «Якія сілы кіруюць сьветам — і як прымусіць іх працаваць на вас», кніга «Новая ўлада» — гэта не падручнік, як рабіць «каляровыя рэвалюцыі», якімі любіць палохаць дзяржаўная прапаганда. Два амэрыканцы, Джэрэмі Гэйманз і Генры Тымз, апісалі ў ёй зусім іншую зьяву — рэвалюцыю ўдзелу ў грамадзкім жыцьці, калектыўнае дзеяньне, якому спрыяюць лічбавыя тэхналёгіі.
«Будучыня стане полем бітвы за мабілізацыю прыхільнікаў. Посьпехаў у ёй дамогуцца тыя лідэры, арганізацыі і звычайныя людзі, якія лепш за ўсё змогуць накіраваць энэргію навакольных у патрэбнае рэчышча — дзеля добрых, дурных і трывіяльных мэтаў», — пішуць аўтары.
Аўтары расказваюць, як новая ўлада мяняе грамадзтва, палітыку, масавую культуру, бізнэс і дабрачыннасьць.
Чым адрозьніваецца «новая ўлада» ад старой
- Новая ўлада належыць масам, яна характарызуецца іх актыўным удзелам і адкрытасьцю. Яе рухальная сіла — гэта калегіяльнае ўзаемадзеяньне роўных.
- Старая ўлада сканцэнтраваная ў руках нямногіх. Ёй уласьцівая закрытасьць, недаступнасьць для масаў.
Яна дзейнічае як грашовыя патокі. Тыя, хто атрымлівае гэтую валюту, намагаюцца ўтрымаць яе пры сабе і не марнаваць. Але яе шмат у магутных фігураў, якія могуць выдаткоўваць яе на свае мэты.
Такім чынам, старая ўлада — гэта традыцыйнае таксі, тэлевізія і сетка гатэляў Hilton. Новая ўлада — Uber, Youtube i плятформа Airbnb.
Што такое старая і «новая ўлада» у Беларусі
Старая ўлада — гэта сьпевакі дзяржаўных калектываў, якія жывуць дзякуючы дзяржаўным датацыям і надзімаюць шчокі ад сваёй уяўнай славутасьці.
Новая ўлада — гэта сьпявачка Лера Яскевіч, на Youtube-канал якой падпісаныя амаль 700 000 чалавек і кожнае відэа якой набірае мільёны праглядаў.
Суботнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, арганізаваныя без адкрытасьці і добраахвотнасьці, нягледзячы на тое, што іх вынік можа быць добрай справай, — гэта прыклад старой улады. Людзей удзельнічаць у суботніках не заахвочваюць, іх прымушаюць. І гэта адна з галоўных прыкметаў старой улады.
Новая ўлада ў Беларусі — гэта ініцыятывы, якія рэалізуюцца праз краўдфандынгавыя плятформы кшталту MolaMola ці збор сродкаў праз Facebook (на дапамогу палітвязьням за тыдзень сабралі больш за $100 000). Гэта ініцыятыва ByCovid-19.
Старая ўлада — гэта шумны формаю пікет за Аляксандра Лукашэнку каля «ДанаМол», з музыкай, настольным футболам і прывезенымі актывістамі БРСМ, але шэры сваёй сутнасьцю, бо амаль ніхто з удзельнікаў ня быў эмацыйна ўцягнуты ў гэтую дзею і ня мог нават патлумачыць, чаму ён падтрымлівае менавіта гэтага прэтэндэнта.
Новая ўлада — гэта кілямэтровыя чэргі на Камароўцы, каб падпісацца за Сьвятлану Ціханоўскую, і жаданьне амаль кожнага прысутнага выказацца, паказаць здымак, дакумэнт або проста тапак, які ён адмыслова прынёс з сабою. Гэта і «ланцугі салідарнасьці», якія арганізоўваліся адкрытай камунікацыяй праз Telegram. Адкрытасьць і празрыстасьць — адна з галоўных прыкметаў новай улады.
У найноўшай гісторыі прыкметы новай улады зьявіліся ў канцы 1980-х, калі ўзьнікаў Беларускі народны фронт. Ужо тады на дэманстрацыях дзейнічаў краўдфандынг, калі актывісты арганізацыі зь мяхамі зьбіралі грошы на дзейнасьць БНФ. Яны самі друкавалі газэты, улёткі, якія замянялі тэлеграм і твітэр. Сёньня дзякуючы інтэрнэту зьмяніўся мэханізм. Але інтэрнэт стаў ня проста інструмэнтам, ён стаў натхненьнем.
Нават пры ўсёй закрытасьці многіх установаў у Беларусі грамадзкасьць час ад часу бачыць, што адбываецца ўнутры іх. Самі супрацоўнікі гэтых установаў перадаюць доказы паталягічных паводзінаў кіраўніцтва аўтарам папулярных Telegram-каналаў. Так працуе новая ўлада. Прафэсар, да якога раней нельга было і падступіцца з крытыкай, цяпер вымушаны мірыцца з тым, што якасьць яго выкладаньня можа ацаніць кожны жаўтадзюбы першакурсьнік.
Чаму старая ўлада пачала прайграваць
Людзі не давяраюць інстытутам старой улады, бо гэтыя інстытуты па-сапраўднаму не давяраюць людзям. Яны прапануюць ім выпадковыя, нязначныя магчымасьці прыняць удзел у працы, якія нярэдка проста расчароўваюць.
Прычыны ў тым, як пішуць Джэрэмі Гэйманс і Генры Тымс, што XX стагодзьдзе будавалася на прынцыпе «зьверху ўніз». Грамадзтва ўяўлялася вялізнай і складанай машынай, якую прыводзілі ў рух буйныя бюракратыі і гіганцкія карпарацыі. Каб гэтая машына не спынялася, звычайныя людзі таксама мусілі выконваць свае ролі — неабходныя, але паасобку нязначныя і стандартызаваныя. Выконвай страявыя практыкаваньні. Чытай малітвы. Вучы табліцу множаньня. Адбывай свой тэрмін. Сядзь роўна, каб цябе зьнялі для групавога школьнага фота.
«Многія з нас былі ў прынцыпе задаволеныя, выконваючы малапрыкметную ролю ў больш маштабных працэсах. Аднак уздым новай улады мяняе ўяўленьні людзей пра норму і пра тое, як павінен функцыянаваць сьвет і якое іхнае месца ў ім. І чым больш мы прызвычайваемся да новаўладных мадэляў, тым больш зрушваюцца гэтыя нормы. Узьнікае новае чаканьне — кожны хоча быць удзельнікам, а не пасіўным назіральнікам».
Гэтае чаканьне і адказ на яго ілюструе гісторыя Роба Вэйнбэрга, былога галоўнага рэдактара галяндзкай газэты NRC Next. Яго звольнілі, паколькі мадэль журналістыкі паводле Вэйнбэрга засноўвалася на аналітыцы, расьсьледаваньнях, сур’ёзнасьці, адмове ад сэнсацыйнасьці. Гэтыя каштоўнасьці ён паклаў у аснову новага СМІ. Яго выданьне Der Correspondent сабрала 1,7 млн эўра за трыццаць дзён, а ў дзень выхаду ў выданьня было 19 000 падпісчыкаў («чальцоў клюбу»).
Кожны журналіст дзеліцца з «чальцамі клюбу» ідэяй плянаванага матэрыялу або пытаньнем, якое ён мае намер расьсьледаваць, — яшчэ да таго, як ён напіша пра гэта хоць слова. Чытачам прапануюць выказаць свае думкі, веды, досьвед, ідэі, варыянты падачы праблемы. Кожны артыкул заканчваецца пытаньнем да чытачоў, а камэнтары пад артыкуламі ўспрымаюцца як частка матэрыялу. Сёньня ў Der Correspondent больш за 50 000 падпісчыкаў. У пераліку на насельніцтва гэта трошкі менш, чым у The Wall Street Journal, пры тым, што мова Der Correspondent — галяндзкая.
Гэты прыклад — узор таго, як функцыянуе «новая ўлада».
Як адрозьніць новую ўладу ад старой
У сучасным сьвеце, паводле Гэйманса і Тымса, ідзе барацьба двух тыпаў мысьленьня, якія вельмі адрозьніваюцца адзін ад аднаго. Яны прапануюць наступны падзел.
Стараўладныя каштоўнасьці:
- Фармальнае кіраваньне, заснаванае на прадстаўніцтве (мэнэджэрызм, інстытуцыяналізм).
- Канкурэнцыя, эксклюзіўнасьць, кансалідацыя рэсурсаў
- Канфідэнцыйнасьць, схаванасьць, дакладны падзел паміж асабістай і публічнай сфэрай
- Важнасьць экспэртнай думкі, прафэсіяналізм, спэцыялізацыя
- Доўгатэрміновая падтрымка і адданасьць, нізкі ўзровень агульнага ўдзелу
Новаўладныя каштоўнасьці:
- Нефармальнае (сеткавае) кіраваньне, уцягваньне грамадзкасьці ў прыняцьце рашэньняў, самаарганізацыя
- Шырокая супраца, выкарыстаньне «народнай мудрасьці», свабодны распаўсюд інфармацыі
- Радыкальная празрыстасьць
- Культура стваральнікаў, этыка «зрабі сам»
- Кароткачасовая і ўмоўная падтрымка, высокі ўзровень агульнага ўдзелу
- Як эфэктыўна будаваць «новую ўладу»
Сёньня найбольшы рэзананс набываюць ня тыя ідэі, якія рэклямнымі ўспышкамі мільгаюць перад максымальнай колькасьцю людзей, а тыя, якія дазваляюць кожнаму самавыказацца перад адзінадумцамі, лічаць аўтары кнігі «Новая ўлада» Джэрэмі Гэйманс і Генры Тымс.
«Будучыню заваююць тыя, хто будзе пашыраць свае ідэі эфэктыўней і хутчэй — і хто здолее больш трывала замацаваць іх у сьвядомасьці аўдыторыі. У гэтым сьвеце безупыннага вэрбаваньня прыхільнікаў лепшую базу падтрымкі можна сабраць, калі прасоўваць людзей уверх па шкале ўдзелу і падмацоўваць грамадзтва працяглы час, даючы рады шматлікім праблемам ды ідучы на кампрамісы».
Прыхільнікі новаўладнага руху свабодна мадыфікуюць яго ідэі, а працэс прыняцьця рашэньняў максымальна празрысты. Так адбываецца, калі слаба зьвязаныя паміж сабою групы аб’ядноўваюцца для выпрацоўкі сваёй першай агульнай палітычнай плятформы.
Шэсьць якасьцяў, якія стаяць за кожнай па-сапраўднаму заразьлівай ідэяй:
- Прастата (адзін з найважнейшых фактараў)
- Нечаканасьць (вы зьдзіўляецеся і хочаце ведаць больш)
- Канкрэтнасьць (у сьвядомасьці ўспрымальніка малюецца выразная карцінка)
- Пераканаўчасьць (апора на статыстыку, рэкамэндацыі экспэртаў)
- Эмацыйнасьць (апэляцыя да глыбінных чалавечых інстынктаў)
- Сюжэтнасьць (вас адпраўляць ва ўяўнае падарожжа, якое дапамагае вам убачыць, як можна зьмяніць сытуацыю, вырашаць актуальную праблему)
Як гэта адбываецца на практыцы? Гэйманс і Тымс апісваюць так.
Вы ўводзіце людзей у курс, прапануеце ім выканаць простыя заданьні — напрыклад, просячы іх пазнаёміцца зь нейкім зьместам і затым падзяліцца зь іншымі або зрабіць яшчэ нешта нескладанае (падпісаць пэтыцыю). Але як толькі вы рэкрутавалі гэтых новых удзельнікаў, вашая задача — падтрымліваць іх далучанасьць і прасоўваць іх уверх па шкале ўдзелу, у бок тыпаў паводзінаў, якія патрабуюць большых намаганьняў. Вы можаце натхніць людзей адаптаваць або трансфармаваць зроблены іншымі кантэнт, удзельнічаць у краўдфандынгу, ствараць і загружаць у сыстэму ўнікальны зьмест або рэсурсы. Людзі, якія дабіраюцца да верхняй мяжы шкалы, фармуюць грамадзтва ў цэлым, уплываюць на стратэгію, нормы і культуру ўсёй базы падтрымкі, вельмі часта не валодаючы пры гэтым ніякай фармальнай уладай.
Тыя, хто трымаецца новаўладнага набору каштоўнасьцяў, моцна цэняць зваротную сувязь і прызнаньне. У большасьці сваёй яны прызвычаіліся да пастаянных знакаў ухвалы ад іншых людзей і актыўнага ўдзелу ў сумеснай дзейнасьці. Кожнае тэкставае паведамленьне, кожны здымак, кожны пост — заклік да таго, каб на яго адказалі.
«Мы тыя, каго мы чакалі»
Мэта новаўладнага лідэра — абудзіць у людзях жаданьне самім узяцца за справу і прыняць удзел у вашай кампаніі. Новаўладны лідэр прымушае грамадзкасьць адчуць сябе больш магутнай. Так рабіў Барак Абама падчас сваёй першай прэзыдэнцкай кампаніі ў 2008 годзе:
«Перамены не наступяць, калі мы чакаем іншага чалавека альбо чакаем іншага часу. Мы тыя, каго мы чакалі. Мы і ёсьць перамены, да якіх мы імкнемся».
Амаль тое ж ён паўтарыў у 2017, калі рыхтаваўся да сыходу з пасады:
«Дзякуй вам за ўсё. Мая апошняя просьба — такая ж, як першая. Я хачу, каб вы паверылі не ў маю, а ў сваю здольнасьць мяняць сьвет».
Іншы прыклад уладнай рыторыкі: «толькі я магу гэта вырашыць», «калі ня я, то пачнецца вайна», «гэта вы ўзвалілі на мае плечы гэтую ношу». Гэта рыторыка старога тыпу лідэрства, старой улады, да якой, як пішуць аўтары кнігі «Новая ўлада», належыць мінулае, а ня будучыня.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.