Назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Аляксей Лойка параўнаў склады ўчастковых выбарчых камісій Фрунзенскага раёну Менску падчас парлямэнцкай кампаніі восеньню 2019 году і сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
У Менску на тэрыторыі Фрунзенскага раёну ўтварылі 122 выбаркамы.
Паводле назіральніка, істотнай зьмены складу ўчастковых камісій у параўнаньні з выбарчай кампаніяй 2019 году няма, галасы выбарнікаў 9 жніўня, па сутнасьці, будуць лічыць тыя ж сябры ўчастковых камісій.
Сярод 122 участковых выбарчых камісій Фрунзенскага раёну 85% выбаркамаў на выбарах прэзыдэнта паводле складу ад 9 і больш чалавек супадаюць са складам выбаркамаў на парлямэнцкіх выбарах 2019 году, а менавіта:
- 16% — супадаюць 13 з 13 чалавек
- 20% — супадаюць 12 з 13 чалавек
- 20% — супадаюць 11 з 13 чалавек
- 23% — супадаюць 10 з 13 чалавек
- 6% — супадаюць 9 з 13 чалавек
- 15% — выбаркамы, якія не супадаюць больш чым на 8 сябраў камісіі
24 чэрвеня скончылася фармаваньне ўчастковых выбарчых камісій, якія непасрэдна арганізуюць галасаваньне і падлічваюць галасы. Усяго створана 5723 камісій, у іх склад увайшло 63 347 чалавек.
Паводле назіральнікаў, пры фармаваньні камісій быў відавочны дыскрымінацыйны падыход выканкамаў да прадстаўнікоў апазыцыйных партый: з 545 вылучаных у склад УВК увайшлі 6 чалавек (1,1%), у той час як з 3844, вылучаных праўрадавымі партыямі, у склад камісій увайшлі 3717 чалавек (96,7%).
У камісіі ўключаныя амаль усе прадстаўнікі, вылучаныя пяцьцю праўладнымі арганізацыямі: БРСМ, «Белай Русьсю», Саюзам жанчын, Саюзам вэтэранаў, Фэдэрацыяй прафсаюзаў Беларусі (96,9% ад вылучаных).
Агульная колькасьць прадстаўнікоў апазыцыйных партый у камісіях склала 6 чалавек, або 0,009% ад агульнага складу чальцоў УВК, што ў пяць разоў меней, чым на папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году.
Адсутнасьць у выбарчым заканадаўстве гарантый уключэньня ў склад выбарчых камісій прадстаўнікоў, вылучаных усімі палітычнымі суб’ектамі, як і раней, робіць магчымым адвольны і дыскрымінацыйны падыход у дачыненьні да апазыцыйных партый і рухаў, адзначаюць праваабаронцы.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.