Грамадзянка Ўкраіны зьвярнулася ў міліцыю і да Аляксандра Лукашэнкі.
Грамадзянка Ўкраіны аказалася сярод пацярпелых кліентаў «Белгазпрамбанку», у якіх пасьля ператрусу ў галаўным офісе банку зьнікла зьмесьціва дэпазытных ячэек, паведамляе Tut.by. Паводле яе слоў, у яе там было больш за 170 тысяч даляраў.
Замежніца напісала заяву ў міліцыю, а таксама зьвярнулася з электронным зваротам на сайт Лукашэнкі.
У ГУУС Менгарвыканкаму пацьвердзілі факт заявы ад грамадзянкі Ўкраіны.
Марына кажа, што разглядала магчымасьць адкрыць бізнэс у Беларусі. Магчыма, укласьці грошы ў нерухомасьць. Але пасьля таго, што адбылося, кажа, няма жаданьня.
8 ліпеня грамадзянцы Ўкраіны трэба вярнуцца дадому. Яна спадзяецца, што сытуацыя з яе зьніклымі грашыма да таго часу праясьніцца.
У банку ёй адказалі, што перадалі зварот у Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Дзяржкантролю, бо «зварот зьмяшчае пытаньні, вырашэньне якіх не адносіцца да кампэтэнцыі „Белгазпрамбанку“».
Марына плянуе зьвяртацца ў іншыя беларускія інстанцыі, у тым ліку пры неабходнасьці ў Генпракуратуру, а калі ня ўдасца вырашыць пытаньне — то і ў міжнародныя арганізацыі.
Некаторыя кліенты «Белгазпрамбанку» напісалі заявы ў банк, што дэпазытарныя ячэйкі ўскрываліся бязь іх прысутнасьці, і тое, што там захоўвалася, прапала. Гэта выявілася, калі яны на мінулым тыдні змаглі праверыць іх зьмесьціва.