Савет Міністраў Беларусі прыняў пастанову аб сьпісе асобаў, якім уезд у Беларусь забаронены або «непажаданы». Тэкст пастановы апублікаваны 26 чэрвеня, набывае моц ад 1 ліпеня.
Сьпіс «непажаданых» і тых, каму ўезд забаронены, будзе выдавацца іншым дзяржавам і арганізацыям. Людзям абяцаюць даваць зьвесткі пра іх прысутнасьць або адсутнасьць у сьпісе бясплатна на запыт, у тым ліку праз інтэрнэт.
Палажэньне вызначае парадак узаемадзеяньня дзяржаўных органаў пры вядзеньні сьпісу, формы дакумэнтаў, парадак уключэньня і выключэньня са сьпісу.
Разьдзелы 4, 5 і 6 у пастанове засакрэчаныя — «для службовага карыстаньня». Таксама засакрэцілі падставы, на якіх зьвесткі аб іншаземцах могуць уносіцца ў сьпіс Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі і на якіх КДБ можа выключаць людзей са сьпісу.
У Беларусь і раней не дапускалі пэўныя катэгорыі замежных грамадзян, у прыватнасьці палітыкаў, праваабаронцаў, але пра гэта яны даведваліся ўжо на мяжы, калі былі вымушаныя вяртацца дамоў. Апрача таго беларускія памежнікі не пускаюць на тэрыторыю краіны замежных грамадзян, якія знаходзяцца ў аналягічным расейскім сьпісе.