Паводле галоўнага статыстычнага ўпраўленьня Менску, у траўні налічаны сярэдні заробак у сталіцы склаў 1 771 рубель, што на 50 рублёў або на 2,9% больш, чым у красавіку, паведамляе БелаПАН.
У параўнаньні зь леташнім траўнем рэальная заробная плата з улікам росту цэнаў у Менску вырасла на 13,5%. Праўда, год таму курс даляра складаў 2,08 беларускага рубля, а сёлета быў вышэйшы за 2,4, таму ў пераліку на валюту сярэдні заробак за гэты час амаль не зьмяніўся.
Найвышэйшыя заробкі па-ранейшаму атрымліваюць спэцыялісты ІТ-сфэры — 6 177 рублёў.
У ліку найбольш высокааплатных таксама работнікі
- горназдабыўной прамысловасьці — 4 709;
- нафтаперапрацоўкі — 2 442;
- дрэваапрацоўкі — 2 353;
- тэлекамунікацыйнай галіны — 2 202;
- фінансавага і страхавога сэктару — 2 181;
- хімічнай прамысловасьці — 1 977.
Работнікі аховы здароўя ва ўмовах пандэміі COVID-19 зарабілі па 1 597 рублёў.
Найніжэйшы заробак у работнікаў
- бібліятэкаў, архіваў, музэяў — 806 рублёў;
- турызму — 708;
- творчых работнікаў — 705.
Найменшы сярэднямесячны налічаны заробак у параўнаньні зь Менскам на Магілёўшчыне — 993 рублі. У Берасьцейскай вобласьці гэты паказьнік склаў 1 028 рублёў, у Віцебскай — 1 048, Гомельскай — 1 070, Горадзенскай — 1 030, Менскай — 1 230.