Прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выдзеліў былому прэзыдэнту Кіргізстану Курманбеку Бакіеву два зямельныя ўчасткі агульнай плошчай у 70 сотак каля сваёй рэзыдэнцыі «Заслаўе-2» на Менскім моры.
Пра гэта паведамляе партал TUT.BY са спасылкай на дадзеныя Адзінага дзяржаўнага рэгістру нерухомасьці.
Участкі выдзеленыя «для службовага карыстаньня» у пажыцьцёвае спадчыннае валоданьне рашэньнем кіраўніка Беларусі ад сьнежня 2019 году.
Курманбэк Бакіеў быў прэзыдэнтам Кіргізстану ад 2005-га па 2010 год. Ён прыйшоў да ўлады на хвалі «Цюльпанавай рэвалюцыі» супраць прэзыдэнта Аскара Акаева, аднак у выніку новай рэвалюцыі 7-15 красавіка 2010 году, калі загінулі 87 чалавек, ён быў адхілены ад улады.
Пасьля рэвалюцыі Бакіеў зьбег з Кіргізстану і атрымаў палітычны прытулак у Беларусі. Ад 2010 году ён разам з сям’ёй жыве ў Беларусі, дзе атрымаў грамадзянства. У 2015 годзе ён пабудаваў дом у Менску, які ў 2019-м падараваў дачцэ.
Улады Кіргізстану беспасьпяхова патрабуюць ягонай выдачы. На радзіме сямʼя Бакіевых абвінавачваецца ў арганізацыі замаху на жыцьцё брытанскага бізнэсоўца Шона Дэйлі і ў злоўжываньні службовым становішчам. Былы прэзыдэнт завочна прысуджаны да 30 гадоў пазбаўленьня волі і абвешчаны ў вышук.
Днямі пераемнік Бакіева на пасадзе прэзыдэнта Кіргізстану, адзін зь лідэраў рэвалюцыі 2010 году, Алмазбэк Атамбаеў быў асуджаны ў Кіргізстане на 11 гадоў зьняволеньня.