Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ачарняюць, бо набраў шмат чытачоў». Затрыманы маркетоляг абвяргае, што ён прыдумаў фэйк на замову з Масквы


Затрыманьні ў Менску 19 чэрвеня
Затрыманьні ў Менску 19 чэрвеня

Менскі маркетоляг Андрэй Лелікаў быў затрыманы 19 чэрвеня на праспэкце Незалежнасьці каля Акадэміі навук, непадалёк ад свайго дома. З двума сябрамі ён ішоў ад парку Чалюскінцаў у бок ЦУМа, але за вуліцай Петруся Броўкі кампанія трапіла пад затрыманьні. Андрэю, аднаму з трох, не пашанцавала.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Атрад АМАПу раптам пачаў рэзка бегчы ў наш бок і гарлаць: „Назад. Назад, б...! Усе назад!!!“ Я замарудзіў, бо гарэла чырвонае, пачаў аглядацца, каб ня трапіць пад машыну. У гэты момант мяне і яшчэ некалькі чалавек схапілі пад рукі і паклалі з крыкамі на асфальт ды пацягнулі ў бок аўтобуса», — гэтак Андрэй апісаў момант свайго затрыманьня ў Фэйсбуку.

Ён падрабязна расказаў пра абыходжаньне зь ім у аўтобусе і пра тое, што адбывалася ў Заводзкім РУУС. Яго разам зь іншымі трымалі да 4 гадзіны раніцы ў дворыку пад дажджом, потым склалі пратакол аб удзеле ў масавым несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Андрэй Лелікаў напісаў, што з пратаколам нязгодны. Ён зьбіраецца абскарджваць дзеяньні міліцыянтаў. І не адмаўляецца ад высноваў, якія абнародаваў пры канцы свайго посту ў Фэйсбуку. «Я — за іншую ўладу, і я буду ХАДЗІЦЬ на ўсе пікеты, я буду ўдзельнікам усіх ініцыятыўных групаў, калі мяне возьмуць», — паабяцаў Андрэй Лелікаў.

Пост Андрэя Лелікава ў Фэйсбуку прагледзела больш за 4 тысячы чалавек, камэнтары пакінулі больш за 700 наведнікаў. Сярод тых, хто прачытаў гісторыю затрыманьня менскага маркетоляга Лелікава, меркавана быў і Юры Церах. Юры піша, што засумняваўся ў шчырасьці Андрэя і пачаў шукаць інфармацыю пра яго ў Гугле. Пасьля пошукаў вырашыў, што Андрэй ня той, за каго сябе выдае, бо ягонае фота ёсьць на сайце маскоўскай PR-кампаніі «Цех Дизайн», дзе ён нібыта працуе дырэктарам. Гэта навяло яго на думку, што гісторыю пра затрыманьне ў Менску ды пра жарсьці, перажытыя ў Заводзкім РУУС сталіцы, Андрэй зь сябрамі прыдумалі на замову.

«Яно, можа, і добра, што такімі разгільдзяямі аказаліся, бо гэтыя людзі бяруць грошы за тое, каб раскачваць у нашай краіне пратэставыя настроі і правакаваць моладзь на супрацьстаяньне зь сілавымі структурамі. А скончыцца гэта ўсё можа вельмі дрэнна. Менавіта гэтак усе нашы пратэсты і падаграюцца, грошай уліта шмат, і гэты „Цех Дизайн“ — яўна не адзіная кантора, якая гэтым займаецца», — напісаў на ўласнай старонцы ў Фэйсбуку Юры Церах.

«Ніколі не працаваў у Маскве»

«Свабода» зноў зьвязалася з Андрэем Лелікавым, каб пагаварыць пра ягоную працу і дачыненьні з маскоўскай PR-кампаніяй «Цех Дизайн». Андрэй настойвае, што ніколі не працаваў у Маскве, а апошнім месцам, адкуль ён звольніўся з пасады начальніка аддзелу маркетынгу, была менская фірма, якая займалася пастаўкамі абсталяваньня. (Па просьбе Андрэя Лелікава мы яе не называем.) Што да фірмы «Цех дизайн», у якой ён нібыта быў гендырэктарам, Андрэй сьцьвярджае, што ніколі ў ёй нават не працаваў, ня тое што займаў кіраўнічую пасаду. Паводле зьвестак Андрэя, кампанія «Цех Дизайн» больш за два гады не працуе, як і яе сайт.

А якім чынам на сайце designceh.ru зьявілася фота Андрэя Лелікава, якое знайшоў Юрый Церах, зрабіўшы з гэтага выснову, што Андрэй усіх нібыта падманвае?

Андрэй Лелікаў даў кантакты свайго сябра і былога падначаленага па працы ў менскай фірме Алега Грыгарышына, які некалькі гадоў таму працаваў у Маскве, у тым ліку ў фірме «Цех Дизайн». Алег Грыгарышын расказаў, як фота ягонага начальніка аддзелу Лелікава зьявілася на сайце былой маскоўскай кампаніі.

«Так, я даўным-даўно працаваў у Маскве, у PR-кампаніі, але ніякім палітычным піярам мы не займаліся, а выключна прасоўваньнем сайтаў. Той фірмы „Цех Дизайн“ ужо няма, а іх сайт, калі вярнуўся ў Менск, я выкарыстоўваў як нешта накшталт партфоліё, каб паказаць свой досьвед. Сайт ляжыць у мяне на хостынгу. Мы працавалі з Андрэем, ён быў маім начальнікам і папрасіў паказаць, як дзейнічае сыстэма кіраваньня сайтамі. Я загрузіў гэты сайт і паказаў, як дзейнічае кантэнт, як нешта мяняць, паказаў як фоткі мяняць. Узяў ягоную фотку і заліў туды, падпісаў для жарту гендырэктарам. Ды вы паглядзіце, там фотка з крабам — хіба такую сур’ёзна можна паставіць для гендырэктара? І паглядзіце наведвальнасьць сайта — яна ноль. У іх нават не працягнуты сэртыфікат. Сайт закінуты, і ўсё тое, што цяпер нехта прыдумаў адносна працы Андрэя ў гэтай кампаніі, — гэта сьмешна», — мяркуе Алег Грыгарышын.

А хто можа пацьвердзіць, што Андрэя Лелікава сапраўды 19 чэрвеня затрымалі амапаўцы?

Аляксандар Усьціменка вучыўся разам з Андрэем Лелікавым у наргасе (цяпер Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт) і кажа, што добра ведае ягоную працоўную біяграфію. «У Маскве ён дакладна не працаваў, тым больш дырэктарам фірмы», — кажа спадар Усьціменка. Аляксандар — адзін з двух сяброў, якія гулялі зь Лелікавым увечары 19 чэрвеня па праспэкце Незалежнасьці, яны разам уцякалі ад амапаўцаў. «Так, мы ўцяклі, а яго затрымалі, сам гэта бачыў. Але ні ў якім пікеце мы ня ўдзельнічалі, ды там побач і не было пікетаў», — сказаў Свабодзе Аляксандар Усьціменка.

Што думае Андрэй Лелікаў пра тролінг на ягоны адрас з боку некаторых наведнікаў Фэйсбуку?

«Не магу арыентавацца на кожны камэнтар і на ўсе адказваць, ня вераць — ну і ня вераць. Ня ставіў за мэту зрабіць вялікі розгалас маёй гісторыі, як пайшло, гэтак і пайшло. Заўважыў толькі, як прагляды павялічыліся да некалькіх тысяч, дык зьявіліся „боты“. Проста ў іх задача такая — ачарняць тых, у каго набралася шмат чытачоў», — кажа Андрэй Лелікаў.

У прэсавай службе Менскай гарадзкой міліцыі Свабодзе пацьвердзілі, што Андрэя Лелікава затрымалі 19 чэрвеня і склалі на яго пратакол у Заводзкім РУУС.

Што да сытуацыі ўвечары 19 чэрвеня ў Заводзкім РУУС, то Свабода атрымала наступны камэнтар.

«У Заводзкім РУУС знаходзіліся людзі, якія былі затрыманыя за зьдзяйсьненьне адміністрацыйных правапарушэньняў. Орган, які вядзе адміністрацыйны працэс, вызначае месца вядзеньня працэсу. Асобы, якія зьвярталіся да супрацоўнікаў з просьбай аб наведваньні прыбіральні, суправаджаліся ў прыбіральню», — пракамэнтавала прэсавы сакратар Менскай гарадзкой міліцыі Натальля Ганусевіч.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG