Пісьменьнік Уладзімер Арлоў у інтэрвію Свабодзе камэнтуе палітычныя падзеі ў Беларусі, культурную сытуацыю ў краіне і расказвае, над чым працуе і як жыве падчас вымушанай самаізаляцыі ў часы пандэміі каранавірусу.
Сьцісла
- Чытачы «Танцаў над горадам» часта цікавяцца, няўжо аўтар сапраўды ў дзяцінстве быў самнамбулам. Адказваю: быў
- Падчас начных шпацыраў у самаізаляцыі ўжо схадзіў пешкі ў Полацак, вярнуўся, зноў схадзіў, а цяпер вяртаюся
- Улады Беларусі ў час пандэміі паводзяць сябе злачынна. Каранавірусную статыстыку хаваюць, але праўда выявіцца раней ці пазьней
- Незалежнасьць трэба бараніць любымі сродкамі. Калі кандыдат у прэзыдэнты з гэтым ня згодны — гэта ня мой кандыдат
- Сьвет мяняецца да горшага, робіцца больш брутальным і агрэсіўным. Не пакідае абыякавым апаганьваньне помнікаў у ЗША і Эўропе
Новае выданьне «Імёнаў Свабоды» цалкам адрозьніваецца ад трох папярэдніх
— Ці аддаяце вы ў часы пандэміі перавагу нейкаму аднаму з сваіх амплюа — празаіка, паэта, эсэіста, гістарычнага эсэіста? І які зь іх наагул лічыце для сябе галоўным?
— Даўно ўжо звык граць, як казаў калега Бродзкі, на розных фартэпіянах. Бывае, амаль адначасова, і пандэмія тут нічога не зьмяніла. Каторае з гэтых фартэпіянаў улюбёнае — адказу ня маю. Калісьці бабуля, уражаная нейкім маім выбрыкам, пыталася ў мяне малога: «Які на цябе маладзік найшоў?» і не ўяўляла, што ейныя словы маюць пэўнае дачыненьне да таго, што называюць псыхалёгіяй творчасьці.
Нойдзе адзін маладзік — напішаш фрагмэнт прозы, нойдзе іншы — пачынае вылупляцца з свайго мэтафізычнага яйка эсэ. Хоць, прызнаюся, поўня дзейнічае нязьмерна мацней. Каб не яна, не было б і маёй кнігі «Танцы над горадам». Яе чытачы даволі часта цікавяцца, няўжо аўтар сапраўды ў дзяцінстве быў самнамбулам. Адказваю: быў.
Цяпер чакаю чэрвеньскага нумару «Дзеяслова» з новай балядай, дзе ўжо, на жаль, прысутнае гэтае жудлівае слова году — каранавірус, хоць баляда зусім пра іншае.
— Якой наступнай кнігі Ўладзімера Арлова варта чакаць чытачам?
— Ужо адолеў карэктуру новага, чацьвёртага выданьня сваіх «Імёнаў Свабоды». Цяпер там 365 + 1 герой. Можна штодня чытаць па адным аповедзе — хопіць на цэлы год. А гэты " +1″ няхай у кожнага будзе свой, запаветны.
У новай кнізе прынцыпова іншая кампазыцыя. Аповеды разьмешчаныя не паводле нараджэньня герояў, а згодна з датамі завяршэньня іхняга жыцьцёвага шляху. Гэта вымагала значнай дапрацоўкі, але і стварыла новыя канатацыі, новыя кантэксты. Дзейныя асобы кнігі нібыта зноў сустракаюцца ў сваіх эпохах: паўстанцы 1831 году, каліноўцы, ахвяры сталінскага тэрору, нашыя сучасьнікі. Дарэчы, якраз сучасьнікі і складаюць пераважную бальшыню з новых сямідзесяці герояў. Вось толькі пачатак сьпісу: Алег Аблажэй, Міхал Анемпадыстаў, Гаўрыла Вашчанка, Цімох Вострыкаў, Ніл Гілевіч, Надзея Дземідовіч, Барыс Кіт, Мойшэ Кульбак, Алесь Ліпай, Марыя Лукашук, Леанід Маракоў...
Мне ўяўляецца, што кніга зрабілася больш літаратурнай. Зьяўленьне новых герояў нечакана прадыктавала вяртаньне да герояў ранейшых, пошукі новых фактаў, паваротаў лёсу. Я даведаўся, напрыклад, як мой колішні прыяцель і ўлюбёны мастак Мікола Селяшчук, Селя, прадбачыў сваю сьмерць. Магчыма, вы памятаеце ягонае напоўненае містычным прадчуваньнем палатно з мужчынскім целам на шпітальнай каталцы — на тле абыякава-задаволенага мора? «Патануў?!», — роспачна ўскрыкнула Селева маці, толькі даведаўшыся, што сына ня стала.
Цяпер кніга мае эпіграф: «Мы — толькі нечая памяць пра нас».
Нашая памяць павінна быць не дрымотнай, а дзейснай. Апроч літаратурнай, у новым выданьні зробленая істотная дасьледніцкая праца. Кніга можа быць карыснай гісторыкам і энцыкляпэдыстам, бо ў ёй удалося ўдакладніць нямала фактаў з жыцьця маіх герояў, пачынаючы ад датаў і месцаў іх нараджэньня. З новай кнігай, напрыклад, можна будзе прасьцей знайсьці магілы Камілы Марцінкевіч, Марыі Ямант або Апалёніі Серакоўскай.
Вандруючы па Літве, мой віртуальны чытач зможа, зазірнуўшы ў кнігу, заехаць у мястэчка Капчамесьціс (Капцёва), дзе пахаваная гераіня паўстаньня 1831 году Эмілія Плятэр, а ў Флярэнцыі знайсьці царкву Санта-Крочэ, у пантэоне якой знайшоў апошні прыстанак Міхал Клеафас Агінскі — побач зь Мікелянджэлё, Галілеем, Расіні й Мак’явэлі. Апынуўшыся ў Іркуцку, дзе, дарэчы, вельмі моцнае Таварыства беларускай культуры, зацікаўлены падарожнік, зазірнуўшы ў «Імёны Свабоды», адшукае на вуліцы Марата дом, дзе пасьля вызваленьня пасяліўся паўстанец 1863 году легендарны доктар Цэлястын Цеханоўскі, да якога ехалі лекавацца з усёй Сібіры.
Каго з маладых пісьменьнікаў чытае Ўладзімер Арлоў
— Ці сочыце вы за творчасьцю маладых літаратараў? Якія пачуцьці маеце пры гэтым?
— Мяне заўсёды бянтэжыць гэтае азначэньне — «малады літаратар». Згадваецца, што Умбэрта Эка надрукаваў першы раман у 48 гадоў, Чарлз Букоўскі — у 51, Пэнэлёпа Фіцджэральд дэбютавала ў 60, а праз два гады атрымала Букераўскую прэмію.
Але тут, як я разумею, гаворка пра маіх маладых паводле ўзросту беларускіх калегаў. Так, я імкнуся, наколькі пасьпяваю, быць у курсе іхняй творчасьці. Пагатоў калісьці мы распачыналі разам з нашым геніяльным мэцэнатам Паўлам Бераговічам прэмію «Дэбют», фундатарам якой ён дагэтуль застаецца. Сёлета плянавалася сьвяткаваньне 10-годзьдзя «Дэбюту», але ўмяшалася пандэмія.
Не люблю пералічваць імёны тых, на каго спадзяесься, бо непазьбежна кагосьці забудзеш. Згадаю толькі, што на пачатку чэрвеня Рада нашага Саюзу беларускіх пісьменьнікаў — паседжаньне было, вядома, дыстанцыйным — прагаласавала за прыём у сябры якраз маладых — таленавітых паэтак Галіны Сіўчанкі і Ганны Комар, а таксама празаіка Алеся Кіркевіча, якому я з прыемнасьцю даў рэкамэндацыю. Дарэчы, Галіна і Ганна (яна яшчэ і перакладніца) — ляўрэаткі згаданага вышэй «Дэбюту», а Алесь — ляўрэат прэміі імя Францішка Аляхновіча.
Трымаю ў полі ўвагі маю зямлячку Зараславу Камінскую. Калісьці, калі яна была яшчэ школьніцай, я прачытаў дзясятак напісаных ёю старонак і прадказаў аўтарцы літаратурную будучыню. Не памыліўся: Зараслава за першую кнігу «Русалкі клічуць», натхнёную трагічным лёсам славутай мастачкі Алены Кіш, адзначаная «Дэбютам», а сёлета прэтэндуе на прэмію Цёткі за сваю «некулінарную кнігу» — «Калядны стол».
Ці верне літаратура хоць частку былога ўплыву
— Ці сочыце вы за дзейнасьцю Саюзу пісьменьнікаў Беларусі? Калі б вас папрасілі параўнаць Саюз беларускіх пісьменьнікаў і Саюз пісьменьнікаў Беларусі, якія б пункты вы назвалі?
— Не сачу, бо проста ня маю на гэта часу. Таму і параўноўваць не магу.
Але хачу сказаць колькі словаў пра наш творчы саюз. Пандэмія не спыніла працы Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, хоць, вядома, і ўскладніла яе. Я ўжо згадаў чэрвеньскую Раду СБП з прыёмам папаўненьня. Сярод прынятых быў яшчэ адзін мой рэкамэндант — Вінцук Вячорка. Нагадаю, што ў Бібліятэцы Свабоды ХХІ стагодзьдзя выйшлі дзьве ягоныя адметныя, дасьціпныя й запатрабаваныя кнігі. Другую — «Не сьмяшыце мае прыназоўнікі» — у мяне ўжо хтосьці пасьпеў «зачытаць».
Дыстанцыйна працавала нашая «Школа маладога літаратара» на чале зь Ціханам Чарнякевічам і Ўсеваладам Сьцебуракам.
Саюз разам з ПЭН-цэнтрам па-ранейшаму займаецца літаратурнымі прэміямі. Нядаўна адбылося анлайнавае ўручэньне Андрэю Хадановічу прэміі імя Натальлі Арсеньневай. Сфармаванае сёлетняе журы прэміі Гедройця. Неўзабаве зьявіцца доўгі сьпіс намінантаў на прэмію Карласа Шэрмана за найлепшыя пераклады.
Ідзе супольная падрыхтоўка да вандроўнага фэсту Ўладзімера Караткевіча, прысьвечанага 90-годзьдзю пісьменьніка.
Адбылося зноў жа дыстанцыйнае ганараваньне сёлетняга ляўрэата ПЭНаўскай прэміі імя Францішка Багушэвіча. Узнагароду атрымаў Алесь Смалянчук за кнігу пра Рамана Скірмунта. У гэтым месяцы разьлічваем уручыць і іншую нашу прэмію — імя Алеся Адамовіча.
Ну і, вядома, працягваюць выходзіць часопіс «Дзеяслоў» і «Літаратурная Беларусь» — дадатак да газэты «Новы час», якія ў гэты складаны час бярэш у рукі з асаблівым пачуцьцём.
Урэшце, я чую, як стукаюць клявішы кампутараў. Літаратурны працэс не разьбіць, не спыніць, ні стрымаць.
— Сёньня беларуская літаратура перажывае не найлепшыя часы. У правінцыі закрыліся шмат кнігарняў, мала кніг ідзе ў бібліятэкі. Ці вернецца яшчэ, на вашу думку, нешта з таго ўплыву, які літаратура аказвала на грамадзтва раней?
— Вы ўяўляеце, што няма ніводнай кнігарні нават у Наваградку — першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, ваяводзкай сталіцы, горадзе Адама Міцкевіча? Гэта не выпадковасьць, а вынік цяперашняй дзяржаўнай палітыкі.
А ў якім гаротным стане бібліятэкі, калі грошай даюць на набыцьцё новай літаратуры вобмаль, ды яшчэ існуе безьліч забаронаў: чые кнігі не набываць, чые не рэклямаваць. Існуе, як я зразумеў, і забарона прымаць кнігі ў падарунак.
Летась прыехаў у адно гістарычнае мястэчка. Сустрэчу ў апошні момант не дазволілі, але загаду не пускаць пісьменьніка ў бібліятэку пільныя раённыя ідэолягі ўсё ж не далі. Бібліяэкаркі прабачыліся, напаілі гарбатай, я падараваў ім некалькі ўласных кніг, што выйшлі ў незалежных выдавецтвах, а таксама свабодаўскіх — «100 цытатаў» Сьвятланы Алексіевіч, «100 словаў», «Пакуль ляціць страла», «100 пытаньняў пісьменьніку». Бачу, вочы ў маіх гаспадыняў загарэліся, але загадчыца кажа: нельга іх браць, трэба дазвол нейкай камісіі. Потым, праўда, крыху супакоіла, маўляў, дзякуй, мы кнігі схаваем, самі пачытаем, будзем сваім людзям даваць.
Пра ўплыў літаратуры, вядома, можна сказаць, што ён у эпоху новых інфармацыйных тэхналёгіяў ужо не такі, як раней, у плянэтарным маштабе. Але ў сёньняшняй Беларусі яго дадаткова абмяжоўваюць у загадным парадку: па-ранейшаму дзейнічаюць сьпісы тых, каго «не пушчаць», ня згадваць у дзяржаўных СМІ. Літаратар з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў наагул у вачах улады persona non grata. Але, не зважаючы на гэта, і асобныя бібліятэкі, і пэдагогі рызыкуюць і запрашаюць на сустрэчы, хоць бальшыня з такіх спатканьняў з чытачамі, прынамсі, у мяне адбываецца на незалежнай тэрыторыі.
Калі дзяржаўная палітыка будзе іншай, беларуская літаратура загучыць іначай.
Гісторыя сёньня — на піку запатрабаваньня і папулярнасьці
— Вы гісторык паводле адукацыі і гісторыя займае важнае месца ў тэматыцы вашай творчасьці. Таксама шмат езьдзіце па краіне. Наколькі сёньня школьнікі і дарослыя цікавяцца гісторыяй Беларусі? Ці ёсьць дэфіцыт гістарычнай літаратуры?
— Напачатку згадаю два блізкія мне выказваньні пра гісторыю. Першае належыць французу Жулю Мішле: «Гісторыя — гэта ўваскрашэньне». Другое румыну (хоць яго лічаць сваім таксама французы й амэрыканцы) Мірчу Эліядэ: «Наша цікавасьць да гісторыі — гэта частка нашага спосабу быць».
Увага да гісторыі і да гістарычнай літаратуры, у прыватнасьці, у часы незалежнасьці ў нас стабільна высокая, а пасьля анэксіі Крыму і пачатку вайны ва Ўкраіне гэтая цікавасьць відавочна вырасла. Ніколі не забуду нашыя з Паўлам Татарнікавым аўтограф-сэсіі пасьля выхаду кнігі «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касьцюшкі». Падпісалі за першы вечар 300 кніг, а прададзена было амаль 400, ня ўсе дастаяліся. Мы засякалі час: на кнігу прыкладна хвіліна, вось і памножце. Наступны вечар — амаль тое самае. Потым Акадэмкніга з чаргой, што пачыналася пад мокрым сьнегам на вуліцы, зачынілася на дзьве гадзіны пазьней, чым звычайна. Потым былі два новыя наклады.
Цяпер нас скубуць: калі будзе працяг. Мы з Паўлам меркавалі, што будзе яшчэ адна частка, але посьпех першай памяняў пляны. Рыхтуецца кніга 2-я — «Ад Агінскага да Багушэвіча», а затым пяройдзем да 3-й — «Ад БНР да Рэспублікі Беларусь».
Яшчэ адзін красамоўны прыклад запатрабаванасьці гістарычнай літаратуры (асабіста я яе дэфіцыту неяк не адчуваю) — посьпех часопісу «Наша гісторыя».
У новай геапалітычнай сытуацыі ўсё болей суграмадзянаў разумее, што межы дзяржавы лепей за армію могуць абараніць мова і гістарычная памяць.
Пра тэатар і сацыяльныя сеткі
— Як вы ставіцеся да сёньняшняга беларускага тэатру? Я недарэмна пра гэта пытаюся, бо кожны раз, бываючы ў Менску, хаджу ў Купалаўскі тэатар. І пачалі зьяўляцца думкі і пытаньні, якія задаю творчым людзям. Беларуская літаратура сёньня маргіналізаваная. Гэта зьвязана, і з новым тэхналягічным сьветам, і з палітыкай уладаў, якія раскалолі Саюз пісьменьнікаў, пазакрывалі часопісы. Пісьменьнікі адарваныя ад чытача, а людзі чытаюць пераважна па-расейску. А вось у Купалаўскім тэатры кожны вечар зьбіраюцца 400-500 чалавек, а на сцэне на добрай беларускай мове граюць маладыя і прыгожыя акторы. Кожны вечар там творыцца цуд мастацтва, тчэцца жывая тканка беларускай культуры. Я б назваў гэта нашым нязгасным агменем. І гэта адчуваюць людзі, якія ў тэатар прыходзяць. Ідуць па вуліцы, размаўляюць па-расейску, а ў тэатры пераходзяць на беларускую. У вас няма адчуваньня, што тэатар выходзіць на першыя ролі?
— Сваім пытаньнем вы ўжо самі за мяне і адказалі. Не магу нічога запярэчыць. Па некалькі разоў хадзіў на «Дзьве душы», на «Радзіва Прудок», на «Сон у Купальскую ноч». Вельмі любіў, на жаль, зьніклы з рэпэртуару спэктакль «Translations». Лічу вялікай удачай «Шляхціча Завальню» ў пастаноўцы Алены Ганум. Чакаю новай вэрсіі пінігінскіх «Тутэйшых».
— Вас няма ў сацыяльных сетках. Чаму? Што вы пра сацыяльныя сеткі наагул думаеце?
— Давайце пагаворым пра гэта, калі я там зьяўлюся.
Каранавірусную статыстыку хаваюць, але праўда выявіцца раней ці пазьней
— Ці сочыце вы за сусьветнымі навінамі пра пандэмію каранавірусу?
— Безумоўна, сачу, і гэтыя навіны пакуль што ані не зьніжаюць узроўню трывогі.
— Як ставіцеся да сытуацыі з каранавірусам у Беларусі? Дзеяньні ўладаў, афіцыйная статыстыка і т. д.
— На маю думку, нашу сытуацыю іначай, чым вусьцішнай, не назавеш, і канца гэтаму не відаць.
Наконт дзеяньняў уладаў. 17 чэрвеня бачу на канале «Euronews» навіну: У 20-мільённым Пэкіне зарэгістраваны новы ўсплёск — блізу 150 станоўчых тэстаў. Закрытыя ўсе навучальныя ўстановы, на жорсткі карантын пасадзілі жыхароў некалькіх жылых раёнаў, сурова абмежаваны выезд з гораду, скасаваныя авіярэйсы...
У той самы час «Наша Ніва» паведамляе, што ў маім родным Полацку, дзе 85 тысяч жыхароў, за апошні тыдзень колькасьць заражаных каранавірусам рэзка вырасла — таксама, як і ў Пэкіне, на 148 чалавек. Якія захады ў адказ? Усяго толькі рэкамэндавалі маскі ў грамадзкіх месцах, дэзынфэкцыю рук, «грамадзянам старэйшага веку і асобам, якія цярпяць ад хранічных захворваньняў, раяць не наведваць...»
Паглядзім, што будзе праз тыдзень. Мой прагноз: зьвесткі могуць проста засакрэціць, як гэта, у сутнасьці, зроблена ў суседнім Наваполацку, дзе гарадзкі сайт ужо тыдзень пра эпідэмічную сытуацыю маўчыць. 11 чэрвеня было 417 выпадкаў станоўчых тэстаў. Колькі цяпер — гараджанам ведаць шкодна.
Памятаеце? «Існуе тры віды хлусьні: хлусьня, нахабная хлусьня і статыстыка». Марк Твэн прыпісаў гэтыя словы брытанскаму прэм’еру Бэнджаміну Дызраэлі. Як высьветлілася, той такога насамрэч не казаў, але, відаць, пагадзіўся б.
У статыстыку, пра якую вы пытаецеся, бясспрэчна, ня вераць і тыя, хто яе агучвае. Міністэрства з канца красавіка не праводзіць прэсавых канфэрэнцыяў пра сытуацыю з эпідэміяй. Няма зьвестак па абласьцях. Вы, напэўна, чыталі, як гэтыя лічбы высьмейваюць тыя, хто знаёмы з тэорыяй імавернасьці.
Стаўленьне да пандэміі выявіла дзьве Беларусі
— Калі глядзіш на вуліцы Менску і іншых гарадоў, разумееш, што нягледзячы на тое, што ўлады не абвясьцілі карантын, значная частка беларукага народу сама яго абвясьціла. Вам не здаецца, што ў гэтым ёсьць нейкі цывілізацыйны і культурны зьмест і розьніца?
— У адзін і той самы час на адным абшары, па гамбурскім рахунку, існуюць дзьве Беларусі: у кожнай свая сымболіка, сваё бачаньне гісторыі, свая візія будучыні, свае каштоўнасьці. Адсюль і тая розьніца, пра якую вы сказалі.
— Ці закранула пандэмія некага з вашых блізкіх і знаёмых?
— Калі зьявілася вестка пра першую афіцыйна прызнаную ў краіне ахвяру каранавірусу, з партрэту на мяне зірнуў мой добры і даўні знаёмы — актор Коласаўскага тэатру Віктар Дашкевіч, які бліскуча выканаў дзясяткі роляў, а яшчэ вельмі доўга быў загадчыкам трупы. Калісьці тагачасны галоўны рэжысэр коласаўцаў Валеры Мазынскі прапанаваў мне напісаць для іх гістарычную п’есу. П’есу я напісаў, але мой раман з тэатрам з розных прычынаў не адбыўся. Аднак з таго часу я добра знаёмы з многімі віцебскімі артыстамі.
Адначасова зь Віктарам захварэў і 45 дзён змагаўся зь вірусам, але, дзякуй Богу, перамог мой сябар юнацтва актор і паэт з нашага пісьменьніцкага Саюзу Пятро Ламан. Цяпер павінен адужаць вірус першы намесьнік старшыні СПБ Усевалад Сьцебурака. Хварэлі мае блізкія знаёмыя — полацкія мэдыкі.
А вось прыклады зь мінулага аўторка. Затэлефанаваў знаёмай фармацэўтцы: не прыходзьце, у нас уся сям’я хварэе. Затым спатрэбілася дапамога сантэхніка, якому давяраю. Хрыпаты глухі голас адказаў: не змагу, захварэў.
І яшчэ адна невялікая, цяпер ужо, так бы мовіць, міжнародная гісторыя. Якраз калі ў Эўропе пачаўся карантын, нечакана атрымліваю на электронку ліст ад незнаёмага мне італійскага літаратара Кляўдыё (прозьвішча безь ягонай згоды называць ня буду, бо магу рассакрэціць пляны калегі). Піша, што працуе над кнігаю пра нашага беларуса Мікалая Судзілоўскага, таго самага, што быў абраны прэзыдэнтам Гавайскіх астравоў і наагул меў жыцьцяпіс, варты тузіна раманаў. А гэта ж і мой герой! Кляўдыё знайшоў у сеціве і прачытаў з дапамогай беларускае студэнткі тэкст зь «Імёнаў Свабоды». Упершыню знайшоў там эпітафію Судзілоўскага. Завязалася ліставаньне — тады, калі становішча ў Італіі было проста жудаснае. Кляўдыё пісаў, што ён стары чалавек, я штораз зычыў яму берагчыся. А потым перапіска абарвалася. Вельмі спадзяюся, што Кляўдыё ўсяго толькі заглыбіўся ў будучую кнігу.
Падрабязнасьці прыватнага жыцьця пісьменьніка ў пандэмію
— Як пандэмія паўплывала асабіста на вас? Вы трымаеце самаізаляцыю? Ці носіце маску?
— Самаізаляцыю імкнуся трымаць, але 100-адсоткавай, зразумела, не атрымліваецца. Вось толькі што паставіў подпіс за суседку, якая спрабуе трапіць у акруговую выбарчую камісію. Сёньня як гісторык кансультаваў у майстэрні двух знаёмых скульптараў. Заўтра пайду на пошту, бо калега з Ізраілю даслаў пасылку выдатнай гарбаты.
Вядома, усё гэта ў масцы, якую надзеў яшчэ 25 сакавіка, калі браў удзел у Свабодаўскім наўпроставым эфіры.
Што яшчэ зьмянілася? Не хапае басэйну, дзе некалі два разы на тыдзень праплываў свае паўтара кілямэтра, складаючы вершы альбо дыялёгі для прозы.
Але шмат хаджу. Пачынаў з шасьці кілямэтраў на дзень, цяпер бывае і дзесяць. Падлічыў, што ўжо схадзіў у Полацак, вярнуўся, зноў схадзіў, а цяпер вяртаюся. Ня ведаю, колькі так давядзецца хадзіць, пакуль зноў ня траплю ў бацькоўскую кватэру, не абдыму сястру Тацяну, не прыйду на родныя магілы, ня дам нырца ў возера Люхава...
Цяпер, у сьпёку, гуляю пераважна позна ўвечары, а то і ўначы. Гляджу на неба. Калі яно яснае, над Менскам можна пабачыць ня толькі месяц, але і колькі самых сьмелых зорак. Тады думаю пра зорнае неба нада мной і маральны закон ува мне. Альбо наадварот: пра зорнае неба ўва мне...
Бываюць на гэтых доўгіх прагулянках невялікія прыгоды. Ужо тройчы сустракаў гарадзкую куніцу-беладушку. Адразу сьветла згадваў былога серабранкаўскага суседа філёзафа Ўладзімера Конана, зь якім на ягоным апошнім паверсе шматпавярховіку пілі айчынны джын «Ведрыч» і я слухаў ягоныя імправізаваныя лекцыі, у якіх ён, як Гільгамэш, уздымаўся ў касьмічныя вышыні. Потым ішлі гуляць усьцяж каналу, і да нас падбягала адна з тамтэйшых беладушак, якую спадар Уладзімер — нечуваная рэч! — здолеў прыручыць. А раптам і ў мяне атрымаецца?
Вядома, складаю на гэтых начных шпацыроўках і іншыя пляны. Напрыклад, абдумваю, як не перапыніць сёлета наш ужо шматгадовы праект-экспэдыцыю «Архіпэляг Беларусь» — летнія паездкі зь сябрамі на беларускія выспы.
Наагул — хоць далёка ня ўсе гэта яшчэ ўсьведамляюць — мы трапілі ў эстрэмальную сытуацыю зь непрадказальным, адкрытым, адкладзеным немаведама на колькі часу фіналам. У такім становішчы адчыняюцца новыя вокны ў рэальнасьць, зусім новыя сэнсы,.
— Ці баіцеся сам захварэць?
— Трэба не баяцца, а берагчыся.
— Ці зьмяніла пандэмія вашы густы чытача?
— Зьмяніць чытацкія густы і прыярытэты, калі яны складваліся дзесяцігодзьдзямі, ніякая пандэмія ня здольная. Як і раней, чытаю адначасова некалькі кнігаў. Цяпер перачытваю «Досьведы» Мішэля Мантэня ўвадначас з «Падарожжам на край ночы» Люі-Фэрдынанда Сэліна. Гэты бязьлітасны раман, які некалі называлі самым скандальным у францускай літаратуры, чытаю — раней неяк не даходзілі рукі — упершыню і з асалодаю. Кніга з тых, якую раптам адкладаеш, бо яна нараджае ў табе ўласныя сюжэты і вобразы. Такія кнігі для мяне — найлепшыя.
Напэўна, пад узьдзеяньнем апошняй поўні зьняў з кніжнай паліцы «Дзяржавы Месяца» Сырано дэ Бэржэрака. Набыў днямі «Апошнюю кнігу пана А.» Альгерда Бахарэвіча. Цікава, як успрымецца гэты сучасны «Дэкамэрон» у час сучаснай чумы.
— Ці зьмяніўся ў апошнія месяцы ваш рацыён і кухарскія перавагі? Я, напрыклад, заўважыў, што ў часы ізаляцыі стаў есьці больш бульбы, але лішняй вагі не набраў. А ў вас што?
— Рацыён кардынальна не зьмяніўся, хіба што за тры месяцы я зьеў ужо, відаць, некалькі кіляграмаў цытрынаў ды імберцу і ўвесь час пахну часныком. Сябар-паляўнічы часьцей падкідвае дзічыны. Кажуць, таксама добра ўплывае на імунітэт.
Але сумую часам па бараніне ў цесьце з мэню кавярні «У Янкі», па грузінскіх стравах — хачапуры, хінкалі, кучмачы. Па келіху-другому чырвонага віна ў кампаніі зь сябрамі.
«Перамены адбудуцца ня ў гэтым жніўні. Не выключаю ўвядзеньня надзвычайнага становішча»
— Ці сочыце вы за выбарчай кампаніяй у Беларусі? Ці паставілі ўжо за некага свой подпіс?
— Вядома, сачу. За каго паставіў подпіс, казаць ня буду, бо цаню мужнасьць усіх, хто насамрэч зрабіў сумленныя асэнсаваныя крокі і пакутуе за гэта. Больш пэўна пра ўсё можна будзе гаварыць, калі зьявяцца праграмы кандыдатаў. Альбо ня зьявяцца, бо іх не зарэгіструюць, нягледзячы на рэальна сабраныя подпісы.
Аднак сытуацыя мяняецца кожны дзень, і, можа стацца, ужо заўтра зьменіцца прынцыпова. Не выключаю ўвядзеньня надзвычайнага становішча.
— Калі ў Беларусі могуць, на вашу думку, адбыцца палітычныя зьмены?
— Я разумею, што кожны, хто адважна і, спадзяюся, адказна ўступіў у перадвыбарчую гонку, павінен — становішча абавязвае — рабіць аптымістычныя заявы, але я тут магу пагадзіцца толькі з адным: грамадзтва, бясспрэчна, увачавідкі робіцца іншым і гэта вяшчуе перамены.
Калі яны адбудуцца, сказаць пакуль надзвычай складана. Шмат каго, відаць, расчарую, калі скажу, што ня ў гэтым жніўні.
Але вось што галоўнае: гэтыя перамены мусяць адбывацца ў незалежнай дзяржаве. Незалежнасьць мы павінны быць гатовыя бараніць любымі сродкамі. Калі кандыдат у прэзыдэнты з гэтым ня згодны — гэта ня мой кандыдат.
Што будзе пасьля каранавірусу
— Ці паўплывае каранавірус на Беларусь? Якой яна будзе пасьля пандэміі, нешта зьменіцца?
— Па-першае, беларусы добра запомняць, як іх «ратавалі» ад эпідэміі. Таемнае раней ці пазьней зробіцца яўным. Так, як гэта некалі было з Чарнобылем.
— Якім будзе сьвет пасьля каранавірусу?
— Скажу рэч банальную: прагнозы — рэч сумнеўная і небясьпечная.
Якраз перад чумой ХХІ стагодзьдя я прачытаў шырока разрэклямаваную кнігу Юваля Ноя Гарары «Homo Deus. Кароткая гісторыя будучыні». Ён з пэўнымі агаворкамі, але зноў і зноў трансьлюе думку пра тое, што чалавецтву «ўдалося ўтаймаваць голад, паморкі і войны». А вось яшчэ адна цытата: «Адной з цэнтральных будзе абарона чалавецтва ад пагрозаў, што палягаюць у нашай уласнай магутнасьці». Усё гэта ўспрымаецца цяпер з горкай усьмешкай.
Якім насамрэч будзе сьвет пасьля каранавірусу? Пытаньне яшчэ і ў тым, калі надыдзе гэтае „пасьля“. Пакуль чума толькі набірае сьмяротныя абароты.
Мой брытанскі сябар, які і цяпер, як выглядае, сядзіць на самаізаляцыі, вялікі аптыміст. Ён лічыць, што сьвет адназначна зробіцца нашмат лепшым: чалавецтва навучыцца мыць рукі. Дай Божа, каб сапраўды навучылася.
Спадзяюся, што глябальных тэктанічных зрухаў усё ж не адбудзецца, але сьвет ужо ўвачавідкі мяняецца да горшага. Ён робіцца больш брутальным і агрэсіўным. Пад лёзунгам барацьбы з расізмам апаганілі помнік Тадэвушу Касьцюшку, які атрыманыя за свае заслугі ад амэрыканскага ўраду грошы ахвяраваў на выкуп рабоў-мурынаў і адукацыю для іхных дзяцей. Помнікі Калюмбу з адбітымі галовамі, абкладзены ахоўнымі экранамі помнік Уінстану Чэрчылю, падпаленыя рэстараны і разрабаваныя крамы — гэта таксама змаганьне за лепшую будучыню?
Прычым ўсё адбываецца ў нібыта самых цывілізаваных краінах. На гэты конт ужо рэзка і справядліва выказаліся кіраўнікі Францыі і Брытаніі.
Мяняюцца паводзіны ня толькі асобаў, але і дзяржаваў. Паўночная Карэя менавіта ў часе пандэміі ідзе на адкрытую канфрантацыю з Паўднёвай.
Як выглядае, таталітарныя дзяржавы толькі ўмацуюцца. З аўтарытарнымі ўсё ня так адназначна, бо дрэйф у бок іхнага далейшага ўзмацненьня тоіць у сабе магчымасьць выбуху.
Зычу ўсім, хто чытае наша інтэрвію, здароўя, вытрымкі і мужнасьці. У нас наперадзе новыя цяжкія выпрабаваньні.
Замовіць новае выданьне кнігі «Імёны Свабоды» з аповедамі пра 365+1 героя аўтарскага пантэону можна ТУТ.