20 чэрвеня вызвалілі з турмы на Акрэсьціна Аляксандра Вянгуру — мазырскага фэрмэра, пра якога паказваў сюжэт Сяргей Ціханоўскі. Да арышту ў фэрмэра быў ператрус — 18 чалавек «перавярнулі дом дагары нагамі». Падчас ператрусу маці Аляксандра зламалі пальцы на руцэ.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
5 чэрвеня, пасьля ператрусу Аляксандар Вянгура пайшоў у Мазырскі РАУС, каб забраць свой ноўтбук. І ня выйшаў з будынку міліцыі. Жонка два дні не магла знайсьці Аляксандра — і ў міліцыі, і ў ІЧУ адказвалі, што нічога ня ведаюць. Пазьней стала вядома, што ён арыштаваны на 15 содняў за нібыта дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі. Разам з Аляксандрам асудзілі прыхільнікаў Ціханоўскага Дзяніса Коласа і Аляксандра Цуканава. Іх траіх чамусьці завезьлі адбываць пакараньне ў Менск.
«Што там рабілася — я такога ніколі ня бачыў. Шмат людзей сядзіць цяпер „за палітыку“. На чатыры месцы ў камэры нас сядзела шасьцёра. На дзень забіралі матрасы, можа было толькі стаяць. Але і ноччу ўрываліся ў камэры, рабілі нейкія праверкі, пыталіся ў нас: „Ну як справы?“. Гэта каб не даваць спаць. Закідалі да нас у камэру бяздомных, вошы пладзіліся... Бррр, страх. Адваката да мяне не дапусьцілі — нібыта праз каранавірус. Пры гэтым мыцца нармальна не давалі. Зьдзек проста быў і беззаконьне», — расказаў Аляксандар.
У яго ў вёсцы Прудок пад Мазыром — вялікая гаспадарка. Маці, пакуль Аляксандар сядзеў, не магла дапамагаць нявестцы — бо пераламаныя пальцы. Ірына, фэрмэрава жонка, сама мусіла даваць рады і палеткам, і жывёлам.
Цяпер Аляксандар сьпяшаецца дахаты ў Прудок. Толькі ня мае пэўнасьці — ці не затрымаюць яго зноў. «Ведаеце, у чым мяне абвінавацілі? Нібыта я, калі быў у міліцыі, недзе ня там памачыўся і нібыта аказаў супраціў міліцыі! Гэта калі прыйшоў забраць ноўтбук. Проста ня ведаю, што робіцца цяпер у Беларусі», — дадаў фэрмэр.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.