Беларусь ня будзе выконваць патрабаваньняў, якія выстаўляе Міжнародны валютны фонд для крэдыту ў суме 940 мільёнаў даляраў, заявіў Аляксандар Лукашэнка, піша БелТА.
Ён заявіў, што для Беларусі непрымальныя «дадатковыя ўмовы», якія выстаўляюцца пры крэдытаваньні і ня тычацца фінансавай часткі. Як дадаў Лукашэнка, МВФ надалей патрабуе ад Беларусі ўвесьці дадатковыя захады ў барацьбе з каранавірусам:
«Давайце карантын, ізаляцыю, камэнданцкую гадзіну. Што за глупства? — Мы ні пад кога скакаць ня будзем», — заявіў Лукашэнка.
У пачатку красавіка Беларусь зьвярнулася ў Міжнародны валютны фонд з просьбай надаць 900 мільёнаў даляраў у рамках інструмэнту хуткага фінансаваньня на барацьбу з наступствамі пашырэньня каранавірусу. МВФ не прыняў станоўчага рашэньня, ці даваць Беларусі крэдыт, дагэтуль пытаньне знаходзілася «ў фазе дыскусіі».
10 чэрвеня МВФ зацьвердзіў наданьне 5-мільярднага крэдыту Ўкраіне для пераадоленьня наступстваў каранавірусу.