Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гавары праўду» падтрымала Бабарыку і Ціханоўскага і запатрабавала ад уладаў спыніць рэпрэсіі


Старшыня патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Дзьмітрыеў
Старшыня патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Дзьмітрыеў

Грамадзкае аб’яднаньне «Гавары праўду», старшыня якога Андрэй Дзьмітрыеў балятуецца ў прэзыдэнты, выступіла з адкрытай заявай, у якой рэзка асудзіла дзеяньні ўладаў у дачыненьні да апанэнтаў у ходзе перадвыбарнай кампаніі.

Заяву прынялі на рэспубліканскай радзе «Гавары праўду». Адкрыты зварот да Міністэрства ўнутраных спраў, Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, Міністэрства інфармацыі і Цэнтральнай Выбарчай камісіі Беларусі апублікавалі ў сацыяльных сетках.

У ім гаворыцца, што ўмовы, у якіх прайшоў перш этап выбарчай кампаніі, «ня маюць нічога агульнага з такімі паняцьцямі, як дэмакратыя і правы чалавека».

«Кампанія стала беспрэцэдэнтнай па колькасьці запалохваньняў, публічных абразаў, ціску па месцы працы і вучобы, затрыманьняў, арыштаў, штрафаў, ператрусаў і канфіскацыяў у дачыненьні да людзей, якія выкарыстоўваюць свае законныя правы на грамадзянскі і палітычны ўдзел у жыцьці грамадзтва, свабоду выбару і сходаў, замацаваныя канстытуцыяй», — гаворыцца ў звароце.

«Гавары праўду» выказвае салідарнасьць з затрыманымі Сяргеем Ціханоўскім, Віктарам Бабарыкам, Паўлам Севярынцам і «ўсімі, хто трапіў пад каток палітычных рэпрэсій», і патрабуе спыніць «абсалютна непрымальны» перасьлед і ціск на прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду, сябраў іх ініцыятыўных груп, іх сваякоў і калегаў, іншых грамадзян Беларусі, якія так ці інакш удзельнічаюць у выбарчым працэсе.

Калі праваахоўныя органы Беларусі караюць грамадзян за палітычныя перакананьні, гэта ня толькі стварае напружаньне ў беларускім грамадзтве, але і шкодзіць іміджу краіны ў міжнародным маштабе, адзначаюць у «Гавары праўду».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG