Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто пагражае Ціханоўскай


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская сёньня паведаміла, што ёй тэлефанавалі з пагрозамі — каб падумала пра лёс дзяцей і не здавала подпісы за вылучэньне ў прэзыдэнты.

Абмяркоўваюць аглядальнікі Радыё Свабода Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык

Сьцісла:

Дракахруст:

  • Сытуацыя са Сьвятланай Ціханоўскай упісаная ў сытуацыю зь Віктарам Бабарыкам, бо ягоныя сябры гэтак жа ўзятыя ў закладнікі, іх пасадзілі ў турму. Бабарыку ставяць у аналягічную сытуацыю: вы альбо спыняецеся, альбо вашым сябрам будзе кепска.
  • З другога боку, калі можна шантажаваць аднаго кандыдата, можна шантажаваць і другую кандыдатку. Але ў выпадку з Ірынай Халіп папярэджаньне рабілася прадстаўнікамі ўладаў. А тут — званок зь нейкай невядомай адміністрацыі, з украінскага нумару.
  • Розныя людзі і розныя сілы могуць быць зацікаўленыя ў тым, каб дыскрэдытаваць беларускую ўладу. І чаму б ім не ўключыцца ў гэтую гульню? Урэшце, і сама Сьвятлана не абвінавачвае некага канкрэтна, нейкага чыноўніка, кажа, што быў званок, прадставіліся, што з адміністрацыі, а чыя гэта была адміністрацыя, яна ня ведае. І тэарэтычна такая падстаўка беларускай улады можа быць некаму выгодная.
  • У кожным разе вельмі важна, што Сьвятлана Ціханоўская надала галоснасьць гэтай сытуацыі. Магчыма, калі ў некага былі пэўныя пляны, гэты крок такія пляны спыніць. І беларускай дзяржаве, якая б яна ні была, варта паклапаціцца пра бясьпеку дзяцей Ціханоўскай.

Навумчык:

  • Тое, што адбылося са Сьвятланай Ціханоўскай, — у традыцыях апошніх 26 гадоў. Прыгадаем сытуацыю з Ірынай Халіп і Андрэем Саньнікавым, калі яны знаходзіліся ў «амэрыканцы», а ім пагражалі забраць сына, які, калі не памыляюся, быў у бацькоў Ірыны. Або ціск на блізкіх людзей, каб дэпутаты Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня адклікалі подпісы за імпічмэнт Лукашэнкі. Або, калі Вячаслаў Сіўчык галадаваў, улады ігнаравалі становішча ягонай жонкі з 8-месячным сынам. Калі чалавек не паддаецца — шантажуюць ягонымі блізкімі.
  • Цяпер у сацсетках некаторыя пішуць, што, маўляў, гэта нейкая пустая ананімная пагроза, ня варта зьвяртаць увагі, трэба ісьці да канца. Давайце будзем разважаць ад зваротнага: Ціханоўская паслухалася, пайшла «да канца», а дзяцей скралі. Што тады будуць казаць дарадцы, якія раілі «ісьці да канца»?
  • Мы кажам, што Сьвятлана Ціханоўская — новы чалавек у палітыцы, але такога кшталту шантаж вельмі сур’ёзна ўспрымаўся б і тымі, хто ў палітыцы даўно. Я ведаю толькі адзін выпадак, калі чалавек гатовы быў пераступіць праз падобнае. Калі на пачатку 1970-х нібыта ад нейкай экстрэмісцкай арганізацыі Салжаніцыну паступілі пагрозы, што ягоныя дзеці будуць забітыя, калі ён ня спыніцца, пісьменьнік адказаў у тым сэнсе, што жыцьцё ягоных сыноў не даражэйшае за праўду пра мільёны забітых камуністычнай сыстэмай. Сьвет быў у шоку, у КДБ схапіліся за галаву і спынілі шантаж.
  • Ці мае дачыненьне да гэтага шантажу ўлада Беларусі, ці будзе яна адмаўляць такую датычнасьць? Мне падаецца, яе заявы ня маюць істотнага значэньня. Мы ўжо дваццаць гадоў чуем, што ўлада ня мае дачыненьня да зьнікненьняў Ганчара, Захаранкі, Красоўскага, Завадзкага.
  • Ня будзем забывацца, што сёньня Севярынцу, Ціханоўскаму, Статкевічу, Пальчысу і іншым затрыманым невыносныя ўмовы ў турмах ствараюць не замежныя сілы, а мясцовыя міліцыянты. Магчыма, па падказцы збоку — але сваімі рукамі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG