10 чэрвеня памерла 50-гадовая мэдсястра Клімавіцкага раённага шпіталя Сьвятлана Зарубская. Яна мела станоўчы тэст на каранавірус, але прычынай сьмерці запісалі хваробу сэрца, паведамляе «Наша Ніва».
Як расказала «НН» дачка нябожчыцы Вікторыя, роўна 30 дзён Сьвятлана Зарубская была на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, «некалькі разоў былі паляпшэньні, прыходзіла ў прытомнасьць, варушыла пальцам». Два першыя тэсты на каранавірус у яе былі адмоўныя, а трэці — станоўчы.
«Афіцыйна прычынай сьмерці напісалі „сэрца“, цяпер жа пішуць толькі код хваробы. Пра каранавірус не запісалі нічога. Пахаваньне было ў закрытай труне, ускрыцьця не рабілі», — кажа дачка.
«Тата таксама перахварэў, хросны, стрыечны брат, татава мама», — кажа Вікторыя.
Машына, у якой была труна зь целам Сьвятланы Зарубскай, пад’яжджала перад пахаваньнем да шпіталя. Праводзіць мэдсястру ў апошні шлях выйшлі больш за 80 чалавек.
«Вельмі пазытыўная, яркая жанчына, — узгадвае яе клімавіцкая мэдсястра Тацяна, якая знала Сьвятлану 28 гадоў. — Яна працавала мэдсястрой у нэўралёгіі, а там жа шмат цяжкіх, хто пасьля інсульту, напрыклад. І маці яна была добрай, і жонкай, і гаспадыняй — каля хаты заўсёды кветкі былі».
За час эпідэміі ад каранавірусу і пнэўманіі памерлі ўжо больш за 20 беларускіх мэдыкаў.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ