15 чэрвеня авіякампанія «Белавія» аднаўляе палёты ва Ўкраіну, паведамляе афіцыйны сайт перавозьніка.
Згодна з інфармацыяй на табло вылетаў і прылётаў менскага лётнішча, заплянаваныя тры рэйсы зь Менска ў Кіеў, адзін у Адэсу, а таксама анансуюцца палёты ў Львоў.
12 чэрвеня Кабінэт міністраў Украіны прыняў рашэньні, якімі зьмяніў патрабаваньні да ўезду іншаземцаў. У прыватнасьці, для ўезду ў краіну зараз неабходны страхавы поліс, а для асобаў з праблемных з прычыны каранавірусу тэрыторыяў — самаізаляцыя.
У той жа час абсэрвацыі не падлягаюць грамадзяне дзяржаваў з шырокім распаўсюдам COVID-19, якія не былі там апошнія 14 дзён; супрацоўнікі дыпляматычных прадстаўніцтваў і міжнародных місіяў, акрэдытаваных ва Ўкраіне; чальцы экіпажаў транспартных сродкаў, а таксама паветраных, марскіх суднаў і лякаматыўных брыгадаў, калі няма падставаў меркаваць, што яны былі ў кантакце з хворым COVID-19.
Абсэрвацыі не падлягаюць асобы, якія далі згоду на самаізаляцыю з выкарыстаньнем электроннага сэрвісу «Дзейнічай дома».
Дзяржавамі з шырокім распаўсюдам COVID-19 лічацца тыя, дзе колькасьць актыўных выпадкаў захворваньня каранавірусам складае больш за 40 чалавек на 100 тысяч насельніцтва. У Беларусі гэты паказьнік утрая большы.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ