Украіна з 15 чэрвеня аднаўляе міжнародныя авіязносіны з Альбаніяй, ЗША, Вялікай Брытаніяй і Турэччынай, а з 27 чэрвеня — з Тунісам.
«Сёньня ўрад ухваліў рашэньне адкрыць пункты пропуску ва ўкраінскіх аэрапортах і дазволіць іншаземцам уезд, калі яны не грамадзяне краін з высокай распаўсюджанасьцю COVID-19 і не былі на тэрыторыі такіх дзяржаваў цягам апошніх 14 дзён. Гэтыя зьмены дазволяць аднавіць працу авіякампаніяў і наладзіць міжнародныя паветраныя зносіны», — паведаміў міністар інфраструктуры Ўкраіны Ўладзіслаў Крыклій.
Паводле яго, найперш будуць адкрываць межы з краінамі, якія маюць разьвіты турызм і спрыяльную эпідэмічную сытуацыю.
«Мы паступова адкрываем неба, але бясьпека і абарона нашых грамадзян застаюцца прыярытэтам», — дадаў міністар.
Згодна з рашэньнем ураду, грамадзяне Альбаніі і ЗША, а таксама ўкраінцы, якія будуць вяртацца з гэтых краін, змогуць уяжджаць на тэрыторыю Ўкраіны без абмежаваньняў на мяжы і без тэставаньня, Вялікай Брытаніі — з абавязковым карантынам на 14 дзён, Турэччыны — без абмежаваньняў з абавязковым тэставаньнем пасьля ўезду.
Як паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе міністэрства, інфармацыя аб аднаўленьні авіязносінаў зь іншымі краінамі будзе пераглядацца штотыдня. У пэрспэктыве — аднаўленьне авіяпералётаў з Кіпрам, Чарнагорыяй, Грузіяй і Грэцыяй.
Тэрміны аднаўленьня авіярэйсаў зь Беларусі пакуль не абмяркоўваюцца.
Украіна закрыла межы і цалкам спыніла міжнародныя авіязносіны сёлета ў сакавіку. Але ўжо ў траўні ўрад пастанавіў адкрыць межы з Польшчай, Вугоршчынай, Славаччынай, Румыніяй і Малдовай.
Закрытымі застаюцца пункты пропуску на межах з Расейскай Фэдэрацыяй і Беларусьсю ў сувязі з эпідэмічнай сытуацыяй.